На рэспубліканскіх спаборніцтвах па сучасным пяціборніцтве на прызы ўпраўлення спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама выступілі спартоўцы з сепаратысцкай рэспублікі.

8 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Адным з першых на дзіўны склад удзельнікаў звярнуў увагу магілёвец Андрэй Кавалёў, які апублікаваў скрыншот з сайта Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па конным спорце і сучасным пяціборніцтве.

Паводле прэс-рэлізу, на спаборніцтвах выступіла 125 чалавек з Магілёўскай, Гомельскай і Мінскай вобласцяў, а таксама з так званай «Данецкай народнай рэспублікі».

Прытым як высветлілася, адна са спартовак «ДНР» Анастасія Шаўчэнка заваявала нават бронзавы медаль сярод юніёрак 1997 года.

Цяпер навіну пра ўдзел спартоўцаў з ДНР выдалілі, карыстальнікам па спасылцы на матэрыял паказвае толькі галоўную старонку сайта.

Тэарэтычна, гэта скандал. Рэспубліка Беларусь не прызнала «Данецкую народную рэспубліку» незалежнай дзяржавай і лічыць яе тэрыторыяй Украіны. Прыезд спартоўца пад сцягам «ДНР» на спаборніцтвы, якія ладзіць Магілёўскі аблвыканкам, дэ-факта кажа пра прызнанне хаця б частковай незалежнасці сепаратыстаў з боку мясцовых уладаў.