Магілёўскі гарвыбаркам апублікаваў вынікі выбараў у гарадскі Савет дэпутатаў. Сюрпрызаў там няма.

21 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі


За месяц да выбараў мы пазначылі сорак чалавек, якія атрымаюць дэпутацкія мандаты. Мы дапускалі, што можам памыліцца адсоткаў на дваццаць, але ў рэальнасці апынулася нават менш. Няправыя мы толькі ў 6 выпадках.

Завадская выбарчая акруга №2.

Наш прагноз – Аксана Мянькова, дырэктар СДЮШАР №5.

У рэальнасці – Андрэй Конеў, дырэктар Магілёўскага гарадскога камунальнага ўнітарнага прадпрыемства цеплаэнергетыкі.

Каментар прагназістаў:

– Я памятаю гэтую акругу таму, што мы з рэдакцыяй доўга выбіралі як раз паміж Коневым і Мяньковай. Вырашальным фактарам абралі тое, што яна – былая алімпійская чэмпіёнка, хай і трапілася на допінгу. Яе прозвішча на слыху значна больш нейкага Конева. Мы вырашылі, што ўлады не будуць публічна «пракатваць» надзейную крыніцу лаяльнасці да іх, ды яшчэ і з вядомым прозвішчам. Зрэшты, магчыма адыграла сваю ролю і тое, што праваабаронцы за некалькі дзён да галасавання выкрылі Мянькову з нядобрасумленнай агітацыяй і ўлады аддалі перавагу меней скандальнай персоны.

Катоўская выбарчая акруга №5

Наш прагноз – Аляксандр Лабадыроў, дырэктар ТДА «Спецаўтатэхналогіі».

У рэальнасці — Генадзь Нізаўцоў, дырэктар ТАА «Спадарожнік».

 – На выбар Лабадырова паўплывала два фактары. Па-першае, ён памочнік дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Па-другое, ён член Ліберальна-дэмакратычнай партыі. У гэтым выпадку мы павяліся на ўяўную лібералізацыю з боку ўлады. На нашу думку, у гарсавеце магло быць два прадстаўнікі так званай канструктыўнай апазіцыі, куды выдатна ўпісваецца ЛДПБ. Аднак ужо па ходзе выбараў стала ясна, што вольніца скончылася і засядаць будуць «дужыя гаспадарнікі».

Сараканайская выбарчая акруга №15

Наш прагноз – Аляксей Несцярэнка, начальнік тылавога забеспячэння абласнога дэпартамента аховы МУС РБ.

У рэальнасці — Людміла Ільінская, дырэктарка Магілёўскага гандлёвага каледжа спажыўкааперацыі.

– Тут матывацыя была самая простая: у адной акрузе сутыкнуліся сілавік і дырэктар каледжа. Прычым адзін з’яўляецца начальнікам ў абласной структуры, а іншая ўзначальвае ўсяго толькі гарадскую ўстанову адукацыі. Аднак мы памыліліся.

Бароўская выбарчая акруга №24

Наш прагноз Уладзімір Масанскі, галоўны інжынер дзяржаўнага камунальнага прадпрыемства «Быхаўская перасоўная механізаваная калона №247».

У рэальнасці- Леанід Шакура, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства СШ №44.

– Такая ж гісторыя, як і з Лабадыровым: Масанскі з’яўляецца членам ЛДПБ, ды яшчэ і ўзначальвае досыць буйную дзяржарганізацыю.Перамога школьнага настаўніка – гэта, бадай, самае вялікае здзіўленне ў гарсавеце. З іншага боку, дзяржаве трэба бо зрабіць выгляд, што дэпутатам можа стаць чалавек і без высокай пасады. З гэтага пункту гледжання дэпутацкі мандат Шакуры зразумелы.

Фацінская выбарчая акруга №26

Наш прагноз — Жанна Краўцова, загадчыца дзённага аддзялення для пажылых грамадзян Кастрычніцкага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У рэальнасці — Пётр Аляксейчык, дырэктар «Магілёўзяленбуду».

– Заднім розумам разумееш, што тут Аляксейчык выглядае фаварытам. З іншага боку, мы доўга ламалі галаву, паколькі Краўцова займае пасаду са сферы сацабслугоўвання, а такіх людзей любяць запускаць у любыя фарміравання накшталт саветаў і парламента. Ключавым фактарам стала тое, што Краўцова моцна звязаная з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Вольгай Петрашовай. Для нашай рэдакцыі усё было 50 на 50. Проста выбралі не таго коніка.

Грэбенеўская выбарчая акруга №39

Наш прагноз Ірына Быкава, намеснік дырэктара яслі-сада №13.

У рэальнасці — Павал Ларчанка, дырэктар ПУП «Магілёўская аўтамабільная кампанія».

– Падобная гісторыя, як і з Краўцовай. Адна з кіраўнікоў сацыяльна важнай арганізацыі супраць дырэктара-прыватніка. Плюс да ўсяго, па нашых назіраннях ўлады спрабуюць захоўваць каля траціны месцаў у Саветах для дзяўчат і жанчын. А ў гэты раз іх было не так шмат у прынцыпе, каб грэбаваць такімі кадрамі, як Ірына Быкава. Але дзесьці наверсе вырашылі інакш.

Пра ўсіх астатніх новых дэпутатаў гарсавета вы можаце даведацца з нашага спісу месячнай даўнасці. У бліжэйшы час мы падрыхтуем разгорнуты аналіз іх складу.

СПІС ДЭПУТАТАЎ