Глеб Будкоў на дадзены момант знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.

4 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Сябар Глеба Будкова паведаміў праваабаронцам «Магілёўскай вясны», што яго таварыша затрымалі падчас святкавання Дня незалежнасці ў цэнтры Магілёва.

Паводле яго слоў, Глеб знаходзіўся ў разгар ўрачыстых мерапрыемстваў каля гандлёвага цэнтра “Атрыум” з некалькімі сябрамі. Каля 4-5 гадзін дня да групы людзей падышлі супрацоўнікі міліцыі і адвялі ў бок «на размову».

Усіх адпусцілі – акрамя Будкова. Па дадзеных яго сябра, пытанні да яго ўзніклі з-за нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга, які Глеб навязаў на плячах.

– Я ведаю, што яго забралі ў Ленінскі РАУС, можа, каля 5-й вечара. Каля дзевяці вечара я набраў дзяжурнага, які чамусьці заявіў, што Будкоў затрыманы толькі гадзіну назад (каля 8 вечара). Яшчэ мне сказалі, што яго будуць судзіць у панядзелак, – распавёў сябра Глеба.

На дадзены момант Будкоў знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Магаблвыканкама. Што канкрэтна ставяць у віну маладому чалавеку – невядома. Верагодней за ўсё, Будкова прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці «за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» па артыкуле 23.34 КаАП. Як паказвае практыка, гэта найбольш зручны артыкул для міліцэйскіх рэпрэсій у Беларусі.