Пасля таго, як удзельнікі працэсу выйшлі з будынка, іх таемна здымалі на камеру супрацоўнікі спэцслужбаў.

29 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


29 траўня ў судзе Ленінскага раёна Магілёва адбыўся суд над фрылансерам Алінай Скрэбуновой і Яўгенам Глушковым. Міліцыя з падачы КДБ абвінаваціла іх у незаконным супрацоўніцтве з тэлеканалам БелСАТ. У віну Скрэбуновай і Глушкову ставілі два сюжэты. Першы – рэпартаж пра памылку уладаў, з-за якой у Магілёве з дамоў па вуліцах Заслонава і Будаўнікоў выселілі людзей. Другі – пра самагубства кіраўніка аграпрамкомплекса “Купалаўскае” ў Шклоўскім раёне. Удзел КДБ у справе пацверджаны дакументальна.

Падтрымаць Глушкова і Скрэбунову прыйшлі каля дваццаці чалавек – у тым ліку тыя, пра каго здымалі рэпартаж, і калегі.

Вяла працэс суддзя Тацяна Касцюк. У лістападзе 2017 года яна ўжо выносіла Скрэбуновай штраф у 690 рублёў па ідэнтычнай адміністрацыйнай справе. Гэта стала прычынай таго, што Глушкоў і Скрэбунова заявілі Касцюк адвод. На іх думку, паколькі суддзя прызнала віну Скрэбуновай тады, тое ж самае яна зробіць і цяпер, нягледзячы на ўсе довады.

Калі Касцюк адмовіла ў задавальненні хадайніцтва аб адводзе, усе людзі, якія прысутнічалі на працэсе, выйшлі з залы. Гэта ўнікальны выпадак для Беларусі – раней дэмаршы па падобных справах у краіне не ладзілі.

Калі людзі выйшлі на вуліцу, высветлілася, што іх з мікрааўтобуса таемна здымаюць людзі ў цывільным. Падрабязнасці – у відэа. Якое рашэнне прыняў суд, стане вядома пазней.