Магілёўцы накіравалі ўладам подпісы супраць «падатку на дармаедства».
3 лютага. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На фота – Барыс Бухель правярае подпісы перад паходам на пошту.
Незалежны прафсаюз работнікаў радыё-электроннай прамысловасці накіроўвае каля тысячы подпісаў з усёй краіны ў Адміністрацыю прэзідэнта, Палату прадстаўнікоў і Савет Міністраў.
У Магілёве пад тэкстам звароту было сабрана каля 200 подпісаў.
«Антынародны дэкрэт беспардонна закрануў практычна кожную сям’ю. Хіба вінаваты чалавек, што дзяржава не можа яму даць працу з дастатковым заробкам і ён вымушаны з’ехаць на заробкі ў іншую краіну, каб пракарміць сваю сям’ю? … Дэкрэт №3 – гэта генацыд супраць народа Беларусі і ён павінен быць адменены!», – адзначаецца ў тэксце дакумента.
Па словах прававога інспектара прафсаюза РЭП Аляксея Яўгенава, пад зваротам распісваліся не толькі члены прафсаюза, але і грамадзяне, якія не маюць дачынення да грамадскіх і палітычных арганізацый.
– Свае подпісы пакінулі тыя, хто не баяўся. І я лічу гэта правільным – калі трэба змагацца, страху быць не павінна. Асабліва калі абараняеш свае правы, – сказаў Яўгенаў.
Подпісы магілёўцаў уладам былі накіраваны 3 лютага праваабаронцай Барысам Бухелем і некалькімі сябрамі РЭП.