Магілёўцы 10 кастрычніка могуць паспрабаваць сябе ў ролі сваяка смяротніка ці суддзі, якому трэба вынесці самае цяжкае рашэнне ў яго жыцці.

10 кастрычніка ў грамадскім цэнтры «Кола» сайт пра правы чалавека ў Магілёве mspring.online ладзіць форум-тэатр да Дня супраць смяротнага пакарання. Кожны з гасцей зможа паспрабаваць сябе ў розных ролях у канфліктных сітуацыях, звязаных са смяротным прысудам.

Форум-тэатр – гэта інтэрактыўная форма пастаноўкі і вырашэння праблем. Вам не трэба быць акторам – вам трэба быць чалавекам, перад якім стаіць выбар, як паступіць у той ці іншай сітуацыі.

Напрыклад, што рабіць, калі вы – суддзя на рэзананснай справе, на якога адначасова ціснуць і грамадства, і сям’я, і начальства? Або яго сваяк? А можа ваш сын прысуджаны да смерці і вам прыходзіцца цярпець здзекі суседзяў?

Сітуацый шмат – за тры гадзіны мы паспрабуем абыграць ўсё. Кожны з удзельнікаў зможа па-свойму вырашыць праблему, якая, магчыма, нават не мае рашэння.

Ведаць правілы неабавязкова – усё патлумачым на месцы.

Яшчэ раз:

Форум-тэатр «Куля ад грамадства».

Магілёў, 10 кастрычніка,

цэнтр «Кола» (зав. Чкалава, 16).

Збіраемся а 18:30. Уваход і выхад вольны.

Па ўсіх пытаннях пішыце на mspring.online@gmail.com або ў асабістыя паведамленні на старонках vk.com/mspring.online і fb.com/mspring.online.