Магілёўскі абласны суд распачаў працэс у дачыненні да чатырох мужчын, якіх абвінавачваюць ў зверскім забойстве шасцярых чалавек. Сярод ахвяр былі дзеці.
30 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі / На галоўным фота – загінуўшая Іна Піваварава, kp.by
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
Суддзя суда Магілёўскай вобласці Сяргей Каралёў 30 сакавіка пачаў разгляд матэрыялаў крымінальнай справы ў дачыненьні да Паўла Паўлючэнка, Сяргея Юшкевіча, Мікалая Ракуціна і Генадзя Салаўёва, якіх абвінавачваюць у забойстве сям’і з 6 чалавек у 2005 годзе. Працэс праходзіць у адкрытым рэжыме ў будынку суда Ленінскага раёна Магілёва. Справа абяцае быць вельмі доўгай – шмат матэрыялаў крымінальнай справы варта вывучыць суду і бакам абвінавачвання і абароны.
САМАЕ МАСАВАЕ ЗАБОЙСТВА Ў ГІСТОРЫІ НЕЗАЛЕЖНАЙ БЕЛАРУСІ
У ноч на 1 чэрвеня 2005 года ў вёсцы Вялікая Машчаніца Бялыніцкага раёна (9 км. ад Бялынічаў) хтосьці па-зверску забіў сям’ю з 6 чалавек. Не выжылі нават двое дзяцей.
Сярод ахвяр апынуліся Ганна Суша (48 гадоў), яе грамадзянскі муж Фёдар Тэльмакоў (53 гады), дачка Ганны Іна Піваварава (26 гадоў) і яе сужыцель Андрэй Лявончык (22 гады). Жыцця пазбавілі таксама 7-гадовага Дзіму Піваварава і 6-гадовую Наташу Півавараву.
Па дадзеных следства, забітых доўга збівалі рукамі, нагамі і рознымі прадметамі. Білі, у асноўным, па жываце, рэбрах, шыі і галаве.
Пасля збіцця Іну Півавараву і Фёдара Тэльмакова задушылі. У іншых былі сляды ад нажавых раненняў. Сведак злачынства так і не знайшлі.
У Вялікай Машчаніцы сям’я пражыла ўсяго толькі пару дзён. Раней яны жылі ў Бялынічах, аднак прынялі рашэнне прадаць кватэру ў горадзе і пераехаць у вёску з-за недахопу грошай.
СЛЕДСТВА, СУД, ФІЯСКА
Ужо на наступны дзень пасля забойства міліцыя затрымала пяцярых хлопцаў – мясцовых жыхароў Паўла Паўлючэнка, Сяргея Юшкевіча, Мікалая Ракуціна, Генадзя Салаўёва і Аляксандра Клепчу. Самаму малодшаму на той момант ледзь споўнілася 18 гадоў, старэйшаму – 24 гады. Салаўёў, Ракуцін і Юшкевіч былі аднакласнікамі.
Следства ішло паўтары гады. Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, самы старэйшы з пяцёркі даведаўся пра тое, што ў хаце забітых захоўваліся грошы пасля продажу кватэры ў Бялынічах, і схіліў астатніх зладзіць разбой.
Суд над хлопцамі пачаўся ў 2007 годзе і ішоў 11 месяцаў. Пракурор запатрабаваў для двух падазраваных смяротнае пакаранне, для астатніх – пажыццёвае зняволенне.
Але тут высветлілася, што ў следчых не было фактычна ніякіх доказаў віны хлопцаў. Ім не ўдалося даведацца, каму належаць адбіткі пальцаў на месцы забойства.
Адным з доказаў віны абвінавачаных стаў жаночы волас на куртцы аднаго з іх – іх прыпісалі забітай жанчыне. Але калі падчас суда маладому чалавеку прапанавалі надзець гэтую куртку, высветлілася, што яна – жаночая і проста не сыходзіцца ў хлопца ў плячах. Гэта была вопратка ягонай сястры, і валасы на куртцы належалі ёй.
Стала відавочна, што следчыя банальна спадзяваліся на тое, што абвінавачаныя прызнаюць віну. На працягу следства хлопцы то прызнаваліся ў забойстве, то адмаўлялі гэта. Падчас суда ўсе пяцёра заявілі пра сваю невінаватасць і распавялі пра ціск, які на іх аказвалі следчыя.
2 лістапада 2007 гады суд Магілёўскай вобласці апраўдаў хлопцаў, прызнаўшы, што яны не забівалі сям’ю. Вярхоўны суд пацвердзіў гэтае рашэнне. Роўна на 11 гадоў гісторыя была забытая.
СТАРЫ ПАХ, НОВАЯ СПРАВА
26 кастрычніка 2018 году Вярхоўны суд адмяніў апраўдальны прысуд 2007 года. Справа была распачата зноў. 2 лістапада МУС затрымала траіх фігурантаў справы. Яшчэ двое былі затрыманыя пазней. Усіх адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Гісторыя паўтараецца.
У сакавіку 2019 года ў інтэрв’ю MSPRING.ONLINE мамы двух фігурантаў справы Генадзя Салаўёва і Сяргея Юшкевіча распавядалі, што ў міліцыі па-ранейшаму няма дастатковых доказаў. Таццяна Салаўёва паведаміла, што падставай для новага расследавання стаў «пах, закансерваваны крывёю забітай». Нібыта гэты пах належыць аднаму з падазраваных.
Была праведзена альфактарная экспертыза пахавых слядоў. На захаваных прадметах з месца здарэння знайшлі сляды паху некалькіх раней апраўданых фігурантаў справы. Вярхоўны суд адмяніў апраўдальны прысуд у дачыненні да ўсіх пяцярых мужчын. Крымінальная справа пайшла на новы віток.
Маці падазраваных сцвярджалі, што ў следчым ізалятары іх дзяцей прымушаюць зноў даваць прызнальныя паказанні:
– На іх ціснуць і кажуць заключыць дасудовае пагадненне са следствам, папросту паклёпнічаць адзін на аднаго. Але якія паказанні яны могуць даць, калі яны не ўдзельнічалі ў тым страшным забойстве? – распавядала MSPRING.ONLINE Ала Юшкевіч.
Абедзве маці пацвердзілі, што ў 2005 годзе следства ў асноўным будавалася на абгаворы адзін на аднаго, якія абвінавачаныя рабілі пад ціскам следчых і іх «падсадных качак» у камерах.
ДЗІВАЦТВЫ І ТАЕМНАСЬЦІ
Самае масавае забойства ў гісторыі краіны, якое здарылася 15 гадоў таму. За такі тэрмін гучныя забойствы, напэўна, варта раскрываць. 30 сакавіка следства блізкая да развязкі як ніколі – вось новыя дадзеныя, вось старыя падазраваныя.
Але праблема ў тым, што да гэтага часу ў справе застаюцца дзіўныя моманты.
- У першую чаргу, у кастрычніку 2019 года – калі следства ўжо падыходзіла да канца – дом, дзе адбылося забойства, нечакана згарэў. Там ніхто не жыў ужо 14 гадоў. Электрычнасць там абрэзалі. Прычыну пажару дагэтуль публічна не абвясцілі.
- Нечакана з фігурантаў крымінальнай справы знік адзін чалавек (было пяць, стала чатыры). Са спісу абвінавачаных прыбралі Аляксандра Клепчу. Як сцвярджае сайт 6tv.by, менавіта на паказаннях Клепчы шмат у чым «трымаецца» крымінальная справа. Паводле непацверджанай інфармацыі, мужчына заключыў са следствам дасудовае пагадненне. Ніякіх падрабязнасьцяў пра гэта не ведаюць (ці не хочуць выдаваць) нават яго бліжэйшыя сваякі.
- Судовы працэс рэгулярна пераносіўся. Першае паседжанне павінна было адбыцца яшчэ ў снежні 2019 года. Потым яго перанеслі на студзень 2020. У выніку, суд пачаўся 30 сакавіка 2020 года. Паводле інфармацыі 6tv.by, гэта звязана з тым, што ўсе фігуранты то давалі прызнальныя паказанні, то ад іх адмаўляліся.
- Яснасці ў тым, што адбываецца, не хапае ў тым ліку і таму, што фігуранты і іх адвакаты далі падпіску пра неразгалошванне.
Магчыма, таямніц і дзівосаў стане менш, паколькі на дадзены момант, як нам пацвердзілі ў судзе Магілёўскай вобласці, працэс праходзіць у адкрытым рэжыме.
ШТО ПАГРАЖАЕ ПАДАЗРАВАНЫМ
Калі віна Паўла Паўлючэнкі, Сяргея Юшкевіча, Мікалая Ракуціна і Генадзя Салаўёва будзе даказаная, то ёсць вялікая верагоднасць, што некалькім, калі не ўсім, будуць вынесеныя смяротныя прысуды. Спіс артыкулаў Крымінальнага кодэкса гэтаму спрыяе. Гэта ў горшым выпадку.
У лепшым выпадку – палова атрымае «вышку», другая палова – пажыццёвае або 25 гадоў зняволення.
Але ёсць і сцэнар, па якім віна усёй чацвёркі будзе невідавочная. У мінулы раз, калі абвінавачванне рассыпалася, суд усё роўна прысудзіў фігурантам невялікія тэрміны зняволення за іншыя злачынствы.
У гэты раз на такое наўрад ці пойдуць. Тым цікавей (і страшней) назіраць, чым гэта ўсё скончыцца.