Толькі ў аднаго з пяці прадстаўнікоў Магілёва ў ніжняй палаце парламента пазначаны адрас яго прыёмнай і кантактныя тэлефоны.

13 студзеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На здымку – Аляксандр Старавойтаў атрымоўвае пасведчанне кандыдата ў дэпутаты падчас выбараў 2016 году, mspring.online


Дэпутацкі корпус шостага склікання працуе ўжо чатыры месяцы, аднак на афіцыйным сайце Палаты прадстаўнікоў дагэтуль няма поўнай кантактнай інфармацыі.

Праект «Депутаты.Могилев» падчас маніторынгу дадзеных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ад магілёўскіх акругаў высвятліў, што толькі адзін чалавек прадаставіў поўную інфармацыю аб тым, як можна знайсці яго прыёмную.

На сайце Палаты прадстаўнікоў у дэпутата па Магілёўскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №85 Аляксандра Старавойтава пазначаны адрас яго прыёмнай ў Магілёве, а таксама нумар кантактнага тэлефона і імя памочніка.

У дэпутатаў Ігара Марзалюка (Магілёўская-Ленінская выбарчая акруга №84), Вольгі Петрашовай (Магілёўская-Кастрычніцкі акруга №86) і Пятра Салаўёва (Магілёўская-Прамысловая акруга №87) запісаныя толькі кантактныя тэлефоны. Пры гэтым не пазначана, хто павінен адказаць на тэлефанаванне.

У дэпутата па Магілёўскай сельскай акрузе №88 Анатоля Хішчанкі не прадстаўлена інфармацыя ні па знаходжанні прыёмнай дэпутата, ні па кантактных нумарах.

Адзначым, што ў ва ўсх кандыдатаў пазначаныя электронныя скрыні.

Трэба дадаць, што ў Ігара Марзалюка і Аляксандра Старавойтава таксама ёсць афіцыйныя групы «Вконтакте», дзе размяшчаецца інфармацыя пра будучыя прыёмы грамадзян і пра бягучую працу дэпутатаў.

Акрамя гэтага, у Старавойтава ёсць афіцыйны сайт, аднак у дадзены момант на ім вядуцца тэхнічныя працы.

Калі вам патрэбная інфармацыя, як можна звязацца з дэпутатам ці знайсці ягоную прыёмную, то яе можно знайсці на deputaty.mspring.online.