Валанцёр «Магілёўскай Вясны» перахварэў (хутчэй за ўсё) каранавірусам. А лекарам было не да яго?

Пахмурным зімовым днём у адзін момант спачатку ежа раптам становіцца прэснай і пахі прыглушанымі. А прыкладна гадзіны праз чатыры густ і пах знікаюць зусім – вось ён, верны сімптом каранавіруса. Пры гэтым тэмпература цела не заўсёды можа дасягаць адзнакі ў 37 градусаў, і часам можа трымацца на ўзроўні 36,5 па Цэльсіі.

Самае лепшае ў такім выпадку – гэта тэлефанаваць 103, што і было зроблена. І тут пацыента чакаў першы сюрпрыз. Дыспетчары «хуткай» ляніва пацікавіліся сімптомамі і паабяцалі, што дашлюць толькі ўчастковага доктара з паліклінікі. Чаму? А таму, што не хапае сімптомаў. Калі няма высокай тэмпературы і чалавек не пры смерці, то ён проста нецікавы.

Так, а як жа пагроза заражэння навакольных? А гэта другі сюрпрыз. Па версіі «хуткай», калі пацыент не здаў тэст, то «станоўчага» выніку няма. А, значыць, і няма ніякага каранавіруса.

Гэты тэкст прысвечаны эквілібрыстыке статыстыкі, у якую падобныя выпадкі захворвання не трапляюць увогуле.

Участковы доктар – змучаная маладая дзяўчына, – прыйшла як бы раптам, калі яе ўжо і ня чакалі. Гэта здарылася ў 21 гадзін 30 хвілін – некаторыя ўжо ў гэты час спяць. А яна стомлена паведаміла, што ў яе ёсць яшчэ адзін пацыент у гэтым раёне, так што для яе гэта не канец працоўнага дня. Была яна без маскі, патлумачыўшы, што «каронай» даўно ўжо перахварэлі ўсе яе калегі.

Паслухаўшы лёгкія і выпісаўшы лекі, доктар прапанавала прыйсці на наступны дзень у паліклініку №3 (гэта новая ўстанова ў Казіміраўцы) у «брудную зону». На пытанне, ці можна не хадзіць, каб чаго не падчапіць, адказ быў адназначны – можна.

Пры гэтым, ніякіх жорсткіх мер па ізаляцыі пацыента прадпрынята не было. Так што, можаце быць упэўнены – вакол поўна людзей з сімптомамі COVID, якія пераносяць яго без ускладненняў. Насіце маскі!

Доктар толькі парэкамендавала на шосты дзень абавязкова зрабіць здымак лёгкіх і здаць тэст на COVID-19 (кроў з пальца), якога на самай справе ў наступстве не аказалася. І гэта трэба рабіць у чыстай зоне, што, як мы зразумеем далей, вельмі істотна.

Валанцёр «Магілёўскай Вясны» сумленна лячыўся не шэсць, а восем дзён, пасля чаго з’явіўся ў паліклініку на неабходныя працэдуры. І тут зноў сюрпрыз. У выдатным новым будынку ніхто не мог патлумачыць куды ісці чалавеку, у якога былі сімптомы каранавіруса, але ўжо вярнуліся пахі і густ. Затое ў вестыбюлі ідэалагічна правільна аформлены «чырвоны куток». Але навошта?

Цяпер у моднай паліклініцы ёсць нават электронная чарга. Толькі толку ніякага. Узяўшы талончык, толькі праз хвілін 20 можна трапіць у рэгістратуру. І тут сапраўдны калапс. Доктар доўга не магла зразумець, што ж трэба рабіць.

Па-першае, пацыент прапісаны ў іншым раёне, а хварэе на ўчастку паліклінікі, куды прыходзіла участковая лекар. Ды яшчэ і чымсьці заразным – ужо непарадак. Па-другое, з «каронай» трэба ісці ў «брудную» зону, але калі сімптомаў ўжо няма, то што тады? У выніку вырашана было адправіць пацыента на чацвёрты паверх да інфекцыяніста. Гэта ў чыстай зоне.

Але там утварылася даўжэзная чарга, а працуе спецыяліст да 15.00, так што патрапіць да яго было нерэальна. Прыйшлося вярнуцца ў рэгістратуру. Там з’яўленне нашага валанцёра выклікала чарговы шок і пытанні “а што ж рабіць …». Толькі пасля чароўнага словазлучэння «Кніга скаргаў» была ўсё ж заведзеная амбулаторная карта і пацыента накіравалі ў чыстую зону на флюараграфію.

Трошкі бардак, так. А ў астатнім паліклініка №3 вельмі нават нічога. Рамонт добры. Не паскупіліся. Ужывую выглядае яшчэ багацей:

Здымак лёгкіх нарэшце-то быў зроблены. Але ўзнікла пытанне, а што ж далей? Каму яго накіроўваць? Атрымліваецца, усё ж патрэбен тэрапеўт. Але дзе яго знайсці? Пасля доўгіх пакут была зроблена спроба проста купіць да яго доступ. Так, ёсць платныя паслугі ў паліклініцы №3 і нібыта без чаргі. І расцэнкі цалкам сабе роўныя, 11 рублёў за прыём у тэрапеўта:

Але ж і тут не без цяжкасцяў. Аказваецца, тэрапеўт гатовы змагацца з чым заўгодна, толькі не з каранавірусам. «Вам толькі ў брудную зону», – такім быў адказ на патрабаванне даць доступ да гэтага доктара.

Так і атрымалася. Пасля гадзіны блукання па чыстай зоне давялося ўсё ж ісці ў «брудную». Цікава, што ўваход у яе з двара, і там стаіць звычайная, зусім ня электронная чарга і без усялякай рэгістрацыі. Хто заўгодна можа прыйсці і расказаць пра свае праблемы.

Але чакаць давядзецца каля двух гадзін, а ў калідоры ў чарзе сядзяць два дзесяткі пацыентаў і амаль усе з аднолькавымі сімптомамі.

Дачакаўшыся прыёму, трапляеш да мілай дзяўчыны ў масцы і шчытку, якая ласкава пытаецца, што ж турбуе. А калі нічога ўжо не турбуе, то значыць і добра. Асабліва, калі не трэба адкрываць/закрываць бальнічны. Але тады пытанне, навошта адпраўляць чалавека ў «брудную» зону?

Для ачысткі сумлення доктар паслухала лёгкія і выпісала яшчэ прафілактычных лекаў са словамі: «У вашым выпадку мазок рабіць ужо бессэнсоўна». Аказваецца, пасля таго, як вярнуліся густ і пах, такі тэст ўжо можа нічога не паказаць.

А зараз самае галоўнае – у медыцынскай карце не было зроблена ні адной пазнакі. Больш за тое, яе аддалі ў рукі пацыенту ў надзеі, што ён больш не з’явіцца. Вось яна:

Гэта значыць, што пацыент, які, як мяркуецца, перанёс каранавірус, ніяк не улічаны медыцынскай статыстыкай. Ніякіх абмежаванняў яму прад’яўлена не было. І наогул, атрымліваецца, што ні яго, ні хваробы не было.

P.S.

Па жаданні, грамадзяне могуць прайсці платны тэст на наяўнасць антыцелаў. Для гэтага трэба здаць кроў з вены.

Лячэнне хваробы, сімптомы якой падобныя на каранавірус, але ў лёгкай форме: “Тэрафлю” (два разы) і “АЦЦ” (тры разы) у дзень на працягу першага тыдня. Другі тыдзень – “Аспікард” (на ноч) і “Ібупрафен”. Але ўсё ж лепш не займацца самалячэннем і выклікаць лекара.