Уладзімір Цумараў лічыць, што Ала Галушка законна не дазволіла пікет за яе адстаўку.

16 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Старшыня Магілёўскага гарвыканкама Уладзімір Цумараў адмовіўся караць сваю намесніцу Алу Галушку за тое, што яна некалькі разоў адмовілася ўзгадняць магілёўскім палітыкам Алегу Аксёнаву і Уладзіміру Шанцаву правядзенне масавага мерапрыемства.

Першапачаткова Аксёнаў і Шанцаў збіраліся пратэставаць супраць дзейнасці заводу «Омск Карбон Магілёў» і хацелі выступіць з пікетам за перанос прадпрыемства на радзіму прэзідэнта ў Шклоўскі раён.

Пасля адмовы з боку Алы Галушкі яны некалькі разоў падавалі паведамленні на правядзенне пікетаў за яе адстаўку, аднак чыноўніца была непахісная і кожны раз адмаўляла.

Палітыкі вырашылі звярнуцца да старшыні гарвыканкама Уладзіміра Цумарева і ў гарадскую пракуратуру з патрабаваннем звольніць Галушка. На іх думку, той факт, што яна асабіста забараняла пікеты за сваю адстаўку, служыць доказам канфлікту інтарэсаў і парушэннем этыкі дзяржслужачага з яе боку. Пазней пракуратура таксама перанакіравала скаргу Аксёнава і Шанцава на адрас кіраўніка горада.

У адказ Уладзімір Цумараў заявіў палітычным актывістам, што абскардзіць рашэнне аб адмове ва ўзгадненні масавага мерапрыемства яны могуць у судовым парадку. У дзеяннях Алы Галушкі старшыня гарвыканкама нічога супрацьпраўнага не ўбачыў:

– Факты наяўнасці канфлікту інтарэсаў, а таксама іншых дзеянняў, якія ствараюць умовы для карупцыі, не знайшлі свайго пацвярджэння, – паказаў у сваім адказе чыноўнік.

Таксама ён паведаміў, што «правілы этыкі дзяржаўнага служачага нарматыўна-прававымі актамі не зацверджаны».

Алег Аксёнаў, Уладзімір Шанцаў, а таксама праваабаронца Барыс Бухель не згодныя з такой рэакцыяй:

– У першую чаргу, працягваецца ганебная практыка, калі пракуратура, замест таго, каб разбірацца, тупа адфутбольвае скаргу ў іншую структуру. Па-другое, вялікая праблема сённяшніх чыноўнікаў – адсутнасць прафесійнага этычнага кодэкса. Яго праект быў прадстаўлены ў 2003 годзе прэзідэнту Лукашэнку, але з тых часоў сітуацыя не зрушылася з мёртвай кропкі, – пракаментаваў адказ Цумарава Бухель.

Акрамя таго, ён упэўнены, што канфлікт інтарэсаў у выпадку Алы Галушка ёсць:

– Чыноўнікі абавязаны паступаць строга канкрэтным чынам не толькі пры наяўнасці факту канфлікту інтарэсаў, але і ў выпадках здагадак, што такі канфлікт і такія дзеянні могуць мець месца. Гэта пазначана ў Законе «Аб барацьбе з карупцыяй». Тое, што Галушка сваім подпісам адмаўляла актывістам у пікеце за сваю адстаўку – ці можна тут сказаць, што канфлікт інтарэсаў ёсць? На мой погляд, безумоўна, – выказаўся праваабаронца.

Разам з Алегам Аксёнавым і Уладзімірам Шанцавым яны збіраюцца абскардзіць адказ Уладзіміра Цумарава ў Магілёўскім аблвыканкаме.