Змена крэслаў для Ірыны Пятрусевіч?
Магілёў. 20 сакавіка. Саша Райкан
Магілёўскі гарадскі савет дэпутатаў і Магілёўскі гарвыканкам на сумесным паседжанні 20 сакавіка вылучылі Ірыну Пятрусевіч кандыдатам у верхнюю палату парламента – Савет Рэспублікі Нацсходу РБ. Прапанову аб яе персоне вынес нядаўна пераабраны старшыня гарсавета Максім Гурын. Яго падтрымалі аднагалосна.
Ірына Пятрусевіч – галоўны рэдактар холдынгу “Магілёўскія ведамасці” з 2020 года. За ўвесь перыяд яе кіраўніцтва медыя перайшло ад адносна нейтральнай падачы навін да адкрытай прапаганды супраць беларусаў, якія мірна выступілі супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту з боку сілавікоў. З пачаткам вайны Расіі супраць Украіны, журналісты выдання пад кіраўніцтвам Пятрусевіч пачалі актыўна прасоўваць крамлёўскія наратывы сярод магілёўцаў, называючы вайну “СВА” і падтрымліваючы агрэсію Узброеных сіл РФ.
Характэрна, што прапагандысцкай дзейнасцю займаецца і дачка Ірыны Пятрусевіч – Віталіна, праўда робіць гэта на тэлеканале “Беларусь 4 Магілёў”.
Да “Магілёўскіх ведамасцей” Ірына Пятрусевіч з 2000 па 2018 год працавала ў раённай газеце “Голас Касцюкоўшчыны”, прычым з 2013 – на пасадзе галоўнага рэдактара. З 2018 па 2020 гады яна перайшла на пасаду чыноўніцы – была намесніцай старшыні Касцюковіцкага райвыканкама.