Цяпер ужо былы палітвязень Р., якога судзілі за «абразу сілавікоў і Лукашэнкі», распавёў «Магілёўскай вясне», каму ў калоніі дрэнна, а каму — прыбыткова.

Тэкст змог з’явіцца на свет толькі таму, што Р. удалося выбрацца з Беларусі і сустрэцца з журналістам каманды ў адной з краін Еўразвяза. Сілавікі дагэтуль могуць пагражаць бяспецы гэтага чалавека і яго сям’і, таму мы дамовіліся, што інтэрв’ю выйдзе ананімна.

У 2022 годзе Р. быў асуджаны па некалькіх палітычна матываваных крымінальных справах, у тым ліку за «абразу Аляксандра Лукашэнкі», «абразу прадстаўніка ўлады» і «заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». У 2025 годзе ён выйшаў на волю. За гэты перыяд Р. бачыў, чым жыве СІЗА ў Магілёве і папраўчая калонія №17 у Шклове, і пагадзіўся падзяліцца гэтым з намі.

ГРУША ДЛЯ АДПРАЦОЎКІ ЎДАРАЎ

Паводле словах Р., ён прадчуваў, што можа быць затрыманы. Першы трывожны званочак прагучаў літаральна — на смартфоне:

— З раніцы быў падазроны званок на тэлефон — нібыта нехта хацеў сустрэцца са мной па працы. Я пачаў пытацца, адкуль у гэтага чалавека мой нумар, аднак зразумелага адказу не атрымаў. Гэта быў пачатак 2022 года, людзей ужо тады пачалі затрымліваць, таму прадчуванне было. У выніку на працы мяне і арыштавалі, — узгадвае Р.

Яго затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіК у масках, з пісталетамі і кайданкамі:

— Мяне адразу скруцілі і павалілі на зямлю. Доўга шукалі тэлефон. Потым зацягнулі ў мікрааўтобус, кінулі на падлогу, нацягнулі на галаву капялюш — і пачалі біць. Я так разумею, капялюш яны нацягнулі, каб я не змог убачыць, хто менавіта наносіць удары.

Пару дзён давялося правесці ў іх будынку, не ўлічваючы ночы — завозілі ў ІЧУ. А ўдзень зноў у будынак ГУБАЗіК. Там ставілі на расцяжку каля сценкі, прычым кожны праходзіў міма, як міма баксёрскай грушы, і «трэніраваўся». Усяго такіх было чацвёра.

У ІЧУ ўбачылі, што я збіты, аднак усё роўна прынялі мяне.

«ВЕЛАСІПЕД» ПА КАМЕРАХ СІЗА І ЎПЛЫВОВАЯ ЖАНЧЫНА

Крымінальная справа была толькі пытаннем часу — Р. прад’явілі абвінавачанні адразу па некалькіх артыкулах, сярод якіх «абраза прадстаўніка ўлады», «абраза Лукашэнкі» і «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання».

Р. накіравалі ў следчы ізалятар Магілёва, які знаходзіцца ў адным будынку з мясцовай турмой.

 — Паколькі я быў у адмове (не прызнаваў віну, — заўв. рэд.), мяне «пасадзілі на веласіпед» — гэта значыць пастаянна мянялі камеры. Спачатку быў у адной, дзе 18 чалавек. Былі правакацыі з боку «падмянтованых» крымінальнікаў. Ім мянты нашэптваюць, што чалавек у «несазнанцы» і што з ім трэба асобна «папрацаваць», а зэкі за гэта атрымліваюць сабе нейкія невялікія плюсікi. Аднак я на правакацыі не паддаўся.

Затым мяне кінулі ў іншую камеру, дзе быў нібыта нейкі аўтарытэт, які пачаў мне распавядаць, што я проста павінен прызнацца ва ўсім, інакш мне моцна сапсуюць умовы знаходжання ў СІЗА. Я адказаў, што яму да гэтага не павінна быць справы. Маўляў, размаўляць я не буду — і ўсё, ён адстаў на пару дзён. А потым пачаў скардзіцца «прадольным», што я яму перашкаджаю ў камеры, і запатрабаваў мяне прыбраць. Потым было яшчэ некалькі камер.

На многае ў следчым ізалятары ўплывае адна жанчына. Поўнага імя я яе не ведаю, але ўсе называюць яе «Валер’еўна». Напрыклад, ва ў яе ўладзе паставіць задачу нейкаму рэцыдывісту, які гатовы супрацоўнічаць, каб той пераканаў «первахода» прызнаць віну. За гэта рэцыдывіст атрымлівае права забіраць у «першахода» нешта з яго перадач. Дасведчаны зэк пераконвае «першахода», што гэта дзякуючы яму яго не чапаюць, не адпраўляюць у небяспечныя камеры, дае нібыта каштоўныя парады, як паводзіць сябе са следствам. За гэта недасведчаныя людзі просяць сваякоў з волі дасылаць тыя рэчы і прадукты, якія патрэбныя менавіта рэцыдывісту. І потым аказваецца, што «перваход» амаль без рэчаў, хоць яму па вопісе шмат перадач прыходзіла, а ў бывалага зэка — баул. І ўсё гэта праходзіць праз гэтую «Валер’еўну».

Калі ў мяне з’явіўся адвакат, стала яшчэ цікавей. Ён пераконваў мяне, што трэба прызнаваць віну, пры гэтым падсоўваў скрыншоты такіх каментароў, якіх я ў жыцці не бачыў і тым больш не пісаў. Больш за тое, у час, калі публікаваліся тыя каментарыі, я фізічна не мог іх пакінуць. Але ўсё ж ён настойваў: маўляў, прызнавай усё, а потым будзе судова-медыцынская экспертыза, якая разбярэцца, дзе твае, а дзе не твае каментарыі. Я адмовіўся — і ад прапановы, а пазней і ад гэтага адваката. Лішнія артыкулы мне былі не патрэбныя.

Суда як такога не было. Быў нейкі «расстрэл» — вынік быў зразумелы з самага пачатку. Падчас працэсу суддзя «накідала» іскавых заяў ад пацярпелых, якія былі напісаныя за дзень да пасяджэнняў — усяго іх было некалькі, і на кожным пасяджэнні з’яўляліся новыя іскі. Хаця нават паводле закона яны павінны былі паказаць мне гэтыя заявы да пачатку судовага працэсу.

Р. прысудзілі да рэальнага пазбаўлення волі. Адбываць пакаранне яго накіравалі ў ПК-17 у Шклове.

ЛЮДЗІ, ЯКІЯ ЛЮБЯЦЬ ВІТАЦЦА

Па словах Р., супрацоўнікі ПК-17 любяць псаваць жыццё зняволеным. Адзін з яго ўспамінаў — гэта прыхільнасць шклоўскіх супрацоўнікаў ДВП да вітанняў. І да ветлівасці гэта не мае ніякага дачынення:

— Міма цябе праходзіць супрацоўнік калоніі — ты павінен павітацца. Ён павярнуўся — і ты зноў павінен вітацца. Хоць кожную хвіліну будуць міма цябе праходзіць — ты павінен вітацца. У іх на гэтым нейкі заскок. А калі не павітаўся, адразу можна атрымаць парушэнне.

Як толькі цябе прывозяць, адразу пры выхадзе, калі ты яшчэ ў цывільнай вопратцы, цябе ставяць на калені на зямлю з рукамі за галавой. Табе адразу спрабуюць паказаць, што ты тут ніхто.

І ў першую ж хвіліну, калі толькі вывелі, першае ж пытанне — «чаму не павіталіся». Вітаешся — але ўжо ўсё роўна, адразу парушэнне, нават яшчэ не надзеўшы турэмную форму.

На «каранціне» тое ж самае. Не павітаўся — парушэнне. Не паголены — парушэнне. А як вызначаецца ступень галення — у правілах унутранага распарадку не пазначана.

Быў адзін маёр, напрыклад, у калоніі. Паводле правілаў, калі хтосьці з супрацоўнікаў заходзіць, дзяжурны павінен папярэдзіць пра гэта, і ўсе павінны выстраіцца. А гэты паказваў пальцам, каб дзяжурны маўчаў, і літаральна на дыбачках падыходзіў ззаду да чалавека, каб спытаць, чаму з ім не павіталіся.

Ты, вядома, паварочваешся, вітаесся, але ўжо позна.

Ёсць і нейтральныя супрацоўнікі, якія на гэта не падпісваюцца — тыя, хто проста даслужвае свой тэрмін і хоча хутчэй на пенсію. А ёсць сапраўдныя садысты.

Р. прывёў у прыклад аднаго супрацоўніка ПК-17, які паводзіў сябе асабліва… дзіўна:

— Ён любіць хадзіць з нажом і разразаць ватнікі, асабліва зімой — калі, напрыклад, яму не падабаецца, як прышыта кішэня — маўляў, «не па правілах». Пры гэтым «казлоў» (зняволеных, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй калоніі, — заўв. рэд.) ён не чапае.

Быў выпадак, калі зняволены пашыў сабе ватнік у цэху, крыху больш уцеплены. Дык гэты супрацоўнік проста парэзаў яго «на макароны». А гэта была зіма, чалавек амаль гадзіну без верхняй вопраткі на вуліцы прабыў, у адной кофце.

САДЫЗМ БЕЗ ПРЫМЕСІ РОЗУМУ

Р. распавёў пра «хрэсьбіны». Гэта асаблівая пачварная «традыцыя», калі на трэція або чацвёртыя суткі знаходжання ў калоніі зняволенага адводзяць да начальніка ўстановы:

— Мяне таксама адвялі да яго. Я толькі адзін раз паглядзеў на яго і зразумеў, што зараз нешта будзе — чалавек літаральна з нянавісцю пранізваў позіркам.

Ззаду падышоў супрацоўнік, скруціў, адвёў у суседні пакой, кінуў на падлогу і нагамі па мне патаптаўся, а ён важыць кілаграмаў сто. У яго, напэўна, таму мянушка «Маргарын».

Ім няма ніякага сэнсу рабіць такія рэчы, але яны робяць. Мне здаецца, што яны проста атрымліваюць задавальненне ад садызму. Яго апрані ў турэмную робу — і не адрозніш ад дасведчанага зэка. Нават размовы ў іх як у зэкаў, якія ўжо не першы тэрмін «матаюць». Закрытая тэрыторыя, ніякая скарга адтуль нават не выйдзе, яны адчуваюць беспакаранасць. Мы з іншымі абмяркоўвалі, што на такую працу могуць пайсці і так сябе паводзіць толькі тыя, над кім у дзяцінстве здзекаваліся.

Плюс яшчэ адзін фактар: усе мясцовыя, з вёсак. Для іх нават некаторыя рэчы або прадукты ў перадачах для зняволеных выглядаюць як нейкая цікавостка. Вось і псуюць іх — разразаюць, распакоўваюць лішні раз, каб тыя ж прадукты, напрыклад, хутчэй псаваліся.

ТАКІЯ РОЗНЫЯ ЖОЎТЫЯ БІРКІ

Паводле слоў Р., палітвязні сядзяць зусім інакш, чым звычайныя зэкі:

— Гэта асобны, дзясяты прафулік — «экстрэмісцкі». Тыя самыя «жоўтыя біркі». Праўда, не ўсе «жоўтабірочнікі» — гэта абавязкова палітычныя. Жоўтыя біркі выдаюць, напрыклад, сёмаму прафуліку — схільным да нападу на супрацоўнікаў, або, здаецца, трэцяму прафуліку — схільным да суіцыду. Да іх ставяцца спакойна.

А да нас ужо не. Памятаю, пасля працы, напрыклад, ёсць гадзіна вольнага часу. А ў той перыяд у ПК-17 якраз дарогу рамантавалі, прычым бетонавую. Вось нас і адпраўлялі гэтыя бетонавыя пліты падымаць уручную. З падручных сродкаў — толькі ломы і кувалды, хоць у калоніі ёсць нават свая тэхніка. Але ўсё ўручную — пліту ломамі паднялі, потым кувалдамі павінны былі амаль у пыл яе ператварыць. На такое ганялі толькі «палітычных» і тых, хто не здае грошы на рамонт, то бок, не «грэецца» (не мае магчымасці атрымліваць грашовыя пераводы ў ПК, — заўв. рэд.).

ГРОШЫ ЛЮБЯЦЬ (ЧУЖЫ) ЛІК

— Яны з кожнага маюць карысць. Грошы там збіраюцца пастаянна. Адносна добра жывуць тыя, каму, напрыклад, бацькі могуць даслаць грошы. Больш за тое, за гэта можна і дадатковую паслугу, скажам так, купіць. Нават умоўна-датэрміновае вызваленне — гэта праз грошы. Або хочаш, напрыклад, дадатковае спатканне? Табе загадчык гаспадаркі атрада дасць рахунак чалавека на волі, на які сваякі павінны перавесці грошы. Тады і дадатковае спатканне арганізуюць.

Я ведаю, што тыя, хто выходзіў раней тэрміну на волю, па УДВ, яны ўсе выходзілі за грошы. За прыкладныя паводзіны, добрую працу або прыгожыя вочы ты раней на волю там не выйдзеш — толькі за грошы. Паўнавартасная камерцыйная арганізацыя.

Хаця скаргі на гэта пісаліся, і на начальніка пісалі скаргі, але безвынікова. Гэта ж усё залежыць ад зняволеных — трэба, каб яны пацвердзілі факты. А на гэта ніхто не пойдзе — можна і не працягнуць доўга ў калоніі.

Вядома, на палітвязняў усе гэтыя «камерцыйныя паслугі» не распаўсюджваюцца, кажа Р.

Што да ўмоў працы ў ПК-17, то Р. кажа, што яны ў цэлым амаль аднолькавыя для палітвязняў і іншых зняволеных. Але ёсць нюанс — і ён таксама звязаны з грашыма:

— Зразумела, што «палітычных» ставяць на самыя нізкааплатныя працы. І падманваюць з грашыма таксама. Напрыклад, начальнік цэха дае брыгадзіру 2 тысячы рублёў на аплату працы ўсёй брыгады — а як той ужо размеркуе гэтыя грошы, яго не хвалюе. Брыгадзір, напрыклад, бярэ сабе тысячу. Па дзвесце-трыста рублёў можа даць набліжаным. А «палітычным» застаюцца заробкі рублёў па 20, «на краму». Адміністрацыя цалкам гэта ўхваляе, як я разумею. Ім галоўнае, каб быў выкананы план. І план выконваецца, праўда, за кошт браку ў вырабах. Працуюць на хуткасць, пра якасць ужо гаворкі няма.

Існуе ў калоніі і цалкам банальнае вымагальніцтва. Паводле слоў Р., была практыка, калі загадчык гаспадаркі аднаго з атрадаў ПК-17 пагражаў іншым зняволеным штрафным ізалятарам, калі яны не знойдуць грошы. Стаўка магла быць рознай, але ў сярэднім сума круцілася каля 50 беларускіх рублёў. Перадаваць іх прапаноўвалася чалавеку на волі — гэта значыць ахвяра шантажу павінна была літаральна прасіць сваіх блізкіх аб сумнеўнай паслузе.

Тут варта адзначыць, што ў пенітэнцыярнай сістэме загадчык гаспадаркі — гэта такі ж зняволены, як і іншыя, але з большым тэрмінам зняволення і які пагадзіўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй установы. Як сцвярджае Р., адміністрацыя ПК-17 ведае пра ўсе гэтыя схемы і цалкам іх ухваляе.

ШТРАФНЫ ІЗАЛЯТАР

Падчас свайго знаходжання ў калоніі Р. паспеў азнаёміцца з мясцовым штрафным ізалятарам — адміністрацыя ПК-17 рапартаў для «палітычных» не шкадуе. Выжыць там можна — але гэта квэст не з простых:

— Там вельмі холадна. Сама камера — гэта вузкае памяшканне, у якім ёсць два вакенцы памерам 50 на 20 сантыметраў. Адно вядзе на вуліцу, другое, якое насупраць, — у калідор. Гэтыя вокны адкрываліся супрацоўнікамі ПК, пасля чаго ўтвараўся такі скразняк, што вецер літаральна гуляў.

Спраўляцца з гэтым цяжка, асабліва ноччу, калі ты хочаш спаць, але фізічна не можаш. Раней дапамагала роба «штрафніка» старога ўзору — у яе быў дастаткова доўгі каўнер, які можна было падняць, а галаву апусціць унутр робы і сагравацца дыханнем — тады можна было заснуць. Аднак пасля адміністрацыя зразумела гэта і проста змяніла адзенне. Цяпер у робе ёсць выраз, сама яна мяшкавата, ды і даюць яе не па памеры — якраз так, каб пад адзеннем гуляла шмат паветра.

Калі цябе амаль пазбаўляюць сну, зразумела, што ты будзеш хацець спаць пастаянна. А ўдзень гэтага рабіць нельга, прычым супрацоўнікі вельмі ўважліва сочаць за гэтым па камерах. На секунду закрыў вочы — і ўсё, гатовы рапарт, суткі ў ШІЗА працягнутыя.

Р. распавёў яшчэ мноства цікавых дэталяў пра жыццё палітвязняў (ды і звычайных зняволеных) у шклоўскай калоніі №17. На жаль, пакуль мы не можам апублікаваць усё. Аднак часы змяняюцца — а значыць, калі-небудзь і гэты тэкст будзе дапоўнены.