«Вячэрні Магілёў» расказаў, як гэта было.
20 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі/phtoto – mogeparhia.by, мае ілюстрацыйны характар
У нумары №23 ад 20 сакавіка выданне «Вячэрні Магілёў» расказала, як прайшоў хросны ход супраць «садомскай ідэалогіі». Раней прадстаўнікі Магілёўскай епархіі заявілі, што ніякага шэсця не было, бо на яго не далі дабраславення.
Але газета сцвярджае, што дабраславенне было. Паводле «Вячоркі», 16 сакавіка ў суботу праваслаўныя вернікі сабраліся ў храме ў гонар Святых Іякіма і Ганны (раён завода Кірава), дзе было адслужана набажэнства.
«Потым вернікі, маючы яшчэ напярэдадні дабраславенне, адправіліся ў далёкі шлях па Магілёве», – сцвярджае выданне.
Маршрут абмінуў увесь горад – Гомельская шаша, праспект Шміта, Буйнічы, потым в. Палыкавічы і адтуль працэсія вярнулася да месца старту хроснага ходу. Пры гэтым людзі не хаваліся, была ўся атрыбутыка – крыжы, абразы і агнічкі.
– У наш час аказваецца велізарны ціск і здзяйсняюцца нападкі на хрысціянскія асновы жыцця. Навязваюцца еўрапейскія стандарты, а насамрэч амаральныя, заганныя стасункі мужчыны і кабеты, – заявіла адна з удзельніц шэсця.
Іншая кабета заявіла, што «царква заўсёды асуджала садомскі грэх»:
– Гэта не цела робіцца чужым для мужчыны, які рашыў пераўвасобіцца ў жанчыну, а чужы дух усяляецца ў яго і вядзе да прорвы. Але самае сумнае, гэтыя людзі спрабуюць зачыняць раты ўсім, хто не згодзен прасоўваць на беларускую зямлю іх садомскія захапленні і прыхільнасці.
Як сцвярджае пад канец матэрыялу аўтар газеты Вікторыя Карпава, насамрэч хросны ход не быў «мерапрыемствам супраць ЛГБТ-супольнасці»:
– Шмат гонару прысвячаць садамітам асобны хросны ход, – заявіла яна.