Некаторыя думкі, відэа і аўдыё з ток-шоу, арганізаванага праваабарончай камандай MAYDAY.
Міжнародныя арганізацыі мала могуць паўплываць на сітуацыю ў Беларусі – гэта тычыцца і дзяцей. У ходзе анлайн-ток-шоу эксперты заклікаюць бацькоў больш займацца сваімі дзецьмі і гаварыць з імі сумленна. У тым ліку і пра тое, што зараз у Беларусі ёсць дзве рэчаіснасці – афіцыйная і тая, у якой даводзіцца жыць.
MSPRING.MEDIA сабраў некаторыя (далёка не ўсё!) тэйкі з анлайн-ток-шоў, а таксама прадстаўляе поўнае відэа і аўдыё з яго.
Мадэратар – Аляксандр Буракоў.
Эксперты:
Кацярына Дэйкала – юрыстка-міжнародніца, кандыдатка юрыдычных навук, экспертка Беларускага Хельсінскага камітэта
Лілія Ахрэмчык – псіхолаг, трэнер, блогер.
ВІДЭА
ТЭЗІСЫ
Трэба разумець, што не ва ў інтарэсах беларускай улады – каб нехта ўмешваўся ў пэўныя рэчы, якія яна робіць. Адсюль і стаўленне да міжнародных абавязкаў, і да міжнародных арганізацый, у якіх ёсць пэўны мандат. ЮНІСЭФ – не выключэнне. Пасля 2020 года ўсё гэта ўзмацнілася. Але тое, што адбывалася пасля 2020 года, адбывалася і раней. Але пры гэтым, калі мы паглядзім на дзеянні ЮНІСЕФ у дачыненні да ўсплёску ідэалагічнага ціску (на дзяцей) пасля падзеяў 2020 года і яшчэ большага ціску пасля пачатку вайны ва Украіне, ты мы ўбачым, што рэакцыі – нуль. Калі паглядзець на сайт ЮНІСЕФ, то вы не ўбачыце актуальных праблем у адносінах да правоў дзяцей у Беларусі. ЮНІСЭФ – гэта частка ААН. Калі паглядзець на паводзіны агенцтваў ААН пасля 2020 года (у адносінах да Беларусі), то яны робяць роўна тое, што ім дазваляе дзяржава. Гэта праблема ўсёй сістэмы ААН. Я называю гэта “некрытычны падыход да дыялогу”, мякка кажучы.
Правы дзіцяці часта ўспрымаюцца ў паняццях “як ён паеў“, ці ўсе яны ахоплены адукацыяй, праграмы “Гарады, дружалюбныя дзецям“, “Мэты ўстойлівага развіцця“. Але гэта ўся палітыка дзейнай улады ў Беларусі – яны дазваляюць зайсці ў тыя сферы, што не небяспечныя для іх. Але як толькі ты пачынаеш умешвацца ў тое, дзе дзяржава жадае захоўваць манаполію, у тую ж ідэалогію, то ты проста не можаш туды ўвайсці.
ЮНІСЕФ – не інструмент для абароны правоў дзяцей (на дадзены момант). Пры гэтым, я не хачу сказаць, што ЮНІСЭФ зусім не робіць карысную працу. Апроч палітычных праблем, ёсць яшчэ жыццё людзей, у якіх ёсць дзеці з праблемамі са здароўем, дзеці з інваліднасцю, дзеці, у якіх абцяжараны доступ да чагосьці. У гэтым ЮНІСЭФ робіць крокі. Але ў кантэксце палітычнага крызісу, у кантэксце крызісу правоў чалавека ў Беларусі – гэта не інструмент.
Перыяд адаптацыі да ўмоў – прыкладна за два гады чалавек адаптуецца да асяроддзя. Але вялікія тэрміны для падлеткаў у калоніі – гэта не на карысць, безумоўна. Сістэма (выхаваўчай калоніі) – гэта наогул не пра выхаванне і паляпшэнне асобы. Гэтае ж пакаранне. Гэта не пра прашыўку, перайначванне чалавека. Дзяржава можа даваць вялікія тэрміны, але чалавек лепшым не становіцца. Чалавек пачынае жыць у новых правілах. Ён не чакае, што ўсё скончыцца, каб потым будаваць сваё жыцьцё. Калі тэрмін 6-7-8 гадоў, ён тамака менавіта жыве. Выходзіць у вольнае жыццё – гэта як пераехаць у іншую краіну. Усе ўмовы такія, што гэта становіцца ягоным жыццём. Наш мозг прызычаецца да стабільнасці і нашы нейронавыя сувязі так працуюць, што спрабуюць імкнуцца да ранейшых сувязяў. Вядома, чым больш гадоў, тым мацней гэтыя сувязі, умоўна кажучы. Тым больш цяга вярнуцца да таго, што знаёма. Новае жыццё можа палохаць больш, чым тое, што ўжо пройдзена.
Няма спосабаў вымераць глыбіню “дна”. Але ёсць міжнародныя стандарты. Ёсць міжнародныя дамовы. Тое, што дзяржава ігнаруе свае абавязацельствы – не азначае, што яны не дзейнічаюць. Не азначаюць, што мы не мусім канстатаваць парушэнні. Мы павінны фіксаваць парушэнні правоў дзяцей. Выразна артыкуляваць парушэнні.
Што тычыцца інструментаў уплыву – гэта ўжо іншае пытанне. І спадзявацца на структуры, якія знаходзяцца ў Беларусі, калі ёсьць і палітычныя моманты – гэта іншае. Офіс ААН ня хоча, каб яго выгналі з краіны. Калі б улады Беларусі былі б зацікаўлены ў іміджы, яны б не былі б зараз суагрэсарамі ў вайне.
Часта бачым, як офіс ААН посціць якія-небудзь фотачкі. Напрыклад, яны запрашаюць на свой 30-гадовы юбілей Амбразевіча, ядуць торт, потым у лякарню прывезлі апараты для хворых ковідам. Дзяржава гэта выкарыстоўвае, ім выгадна, каб міжнародныя офісы заставаліся. Але важна разумець, што не толькі палітычны кантэкст важны. ААН і ЮНІСЕФ робяць шмат карыснага. Аднак улады перайшлі ўжо ўсе межы ў дасягненні сваіх мэтаў у пераследзе і знявазе чалавека. І з гэтага пункту гледжання гэтыя структуры ўнутры краіны бескарысныя.
Ёсць яшчэ інструменты знешняга ўплыву – тыя ж спецдакладчыкі, механізмы ААН. БХК мае з імі кантакты, дасылае паведамленні спецдакладчыкам актуальным. Мінулым летам мы выпусцілі вялікую справаздачу па правах дзяцей, у тым ліку датычна навязвання ідэалогіі ў школах. Яго прадставілі цэнтральнаму офісу ЮНІСЭФ. Стараемся падтрымліваць беларускі парадак дня. У тым ліку паведамляем пра так званыя «пакаяльныя відэа», у якіх дзяцей няшмат, але яны ёсць.
Мы да канца не ўсведамляем, якую шкоду наносіць прапаганда і ідэалагічная прапрацоўка дзяцей. Любога дарослага дзіця надзяляе наборам правоў унутры сябе. Тое, што кажа дарослы, надзелены аўтарытэтам, апрыёры ўспрымаецца дзіцем без фільтраў, як праўда. І калі ў дзіцяці сям’я, сябры думаюць інакш, чым тое, што кажа настаўнік, то дзіця трапляе ў сітуацыю падвойных пасланняў, іншую рэальнасць. Дзіця можа кідацца паміж гэтымі рэальнасцямі. Дарослы ўжо можа глядзець на паўтоны. Дзіцяці патрэбныя выразныя межы – што добра, а што дрэнна.
Важна разумець, што гвалт бывае псіхалагічным. Насаджэнне ідэалогіі – тое, што адбываецца ў беларускіх школах – гэта гвалт. Мы жывем у канструктах, якія навязала дзяржава. Тое ж слова “ідэалогія” для нас лаянкавае, хоць яно цалкам нейтральна само па сабе. Ёсць дрэннае ў скрыўленні сэнсаў у ідэалогіі, патрыятычным выхаванні. Дзяржава доўга перакручвала словы і канцэпцыі.
Улады прасоўваюць наратывы кшталту “калі школы ахоплены ўсенавучам, то ўсё добра”. Або, напрыклад, “вольны доступ дзяўчынак да адукацыі“. Гэта ж лепей, чым у краінах Афрыкі. Але права на адукацыю – гэта не толькі пра доступ да школы. Гэта і пра якасць настаўнікаў, і пра якасць навучальных матэрыялаў, якія адпавядаюць сучасным падыходам. І гэтае поўнае выключэнне любога гвалту ў выхаванні. Нават калі настаўнік не крычыць на цябе, але пры гэтым укараняецца пэўная ідэалогія, накіраваная на абслугоўванне інтарэсаў дзяржавы, мілітарысцкая ідэалогія – “на Захадзе – ворагі, Расія – сябар”, то гэта таксама псіхалагічны гвалт. Гэта мае сістэмныя доўгатэрміновыя наступствы.
Тое, што цябе прымушаюць увесь час хлусіць, жыць падвойным жыццём, хадзіць туды, куды ты не хочаш, казаць тое, што ты не хочаш казаць, спяваць гімн, які ты не хочаш спяваць – нават калі гэта мякка і ўгаворамі, то цябе ламаюць, як асобу. З цябе робяць такую істоту, якая прызвычаецца падпарадкоўвацца і потым такія людзі кажуць, што «яны па-за палітыкай», «чаго вы туды лезеце», «вам што, больш за ўсіх трэба»?
Кожнае дзіця, якое вучыцца ў беларускай школе, падвяргаецца псіхалагічнаму гвалту. Перад бацькамі, чыё дзіця вучыцца ў Беларусі, паўстае пытанне: дзіця не можа не хадзіць у школу, на самастойнае навучанне ўсіх не перавядзеш. Не можа не хадзіць у школу, але і не можа казаць тамака тое, што жадае. І бацька ці маці не можа казаць. Ёсць пэўныя нарматывы ў навучальных праграм. Класныя гадзіна не з’яўляецца абавязковай для наведвання па заканадаўстве. Я не магу заклікаць ісці па фармальных працэдурах. Калі вы адчуваеце, што вы ў больш-менш бяспечнай пазіцыі, то вы можаце звяртацца са скаргамі. Калі не стаіць у раскладзе – можна пытацца, на якой падставе прымушаюць дзіця хадзіць.
У той сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, вялізная роля ў выхаванні дзяцей кладзецца на бацькоў. Нажаль, безыніцыятыўныя бацькі, якія прызвычаіліся, што ўсё зробіць школа, павінны перагледзець свой падыход. Яны – галоўная крыніца інфармацыі і карэктар для дзіцяці. Сітуацыя ў школе будзе толькі пагаршацца.
Калі няма варыянту, калі “палітінфармацыі” ў школах пазбегнуць нельга, трэба гаварыць з дзіцем сумленна і расказваць праўду. Не шушукацца на кухнях, а казаць прама: ёсць дзве рэальнасці: адна вось такая, другая такая, у якой ёсць іншыя навіны, іншыя нацыянальныя сімвалы, гісторыя.
АУДЫЁ
БОНУС
Брашура “Псіхалогія і правы чалавека: бацькі і дзеці VS дзяржаўная ідэалогія”. Падрыхтавана Васілём Пронем і Беларускім Хельсінскім камітэтам.