У дзень аварыі на Чарнобыльскай АЭС паказваем адзін з лепшых дакументальных фільмаў пра гэту трагедыю, зняты праз два месяцы пасля катастрофы.
Валанцёрская група «Магілёўскай вясны» і сайт mspring.online запрашае ўсіх магілёўцаў на кінапрагляд стужкі «Звон Чарнобыля» з дыскусіяй у грамадскі цэнтр «Кола» (пер. Чкалава, 16).
26 красавіка 1986 года здарылася найвялікая тэхнагенная трагедыя ў гісторыі чалавецтва – аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У атмасферу было выкінута каля 190 тон радыеактыўных рэчываў. Насельніцтва Чарнобыля падпала пад апрамяненне ў 90 разоў большае, чым насельніцтва Хірасімы пасля выбуху атамнай бомбы.
Катастрофа моцна закранула Беларусь: дзясяткі выселеных вёсак, высокі радыяцыйны фон у Гомельскай і Магілёўскай вобласці – нават сёння ў некаторых месцах ён перавышае дапушчальныя значэнні.
Фільм «Звон Чарнобыля» – гэта не пра палітыку ці эканоміку. Здымачная група імкнулася захаваць сведчанні людзей, якія былі датычныя да трагедыі. Здымкі пачаліся на месцы праз месяц пасля аварыі – 28 траўня і працягваліся да 28 чэрвеня, пасля чаго некалькі эпізодаў было знята ў верасні 1986 года.
У выніку атрымалася драматычная стужка, якая была уганаравана дзвюма прэміямі «Ніка». «Звон Чарнобыля» увайшоў у кнігу рэкордаў Гінэса як адзіны фільм, які быў паказаны ва ўсіх краінах, дзе ёсць тэлебачанне.
Пасля кінапрагляду мы будзем дыскутаваць пра памяць аб тэхнагенных катастрофах і людзях, якія іх ліквідавалі, сённяшнія экалагічныя выклікі і праблемы, якія трэба вырашаць нам.
Калі: 26 красавіка, пачатак прагляду – 19:00.
Дзе: Магілёў, грамадскі цэнтр «Кола», пер. Чкалава, 16.
Што: фільм «Звон Чарнобыля».