У планах уладаў пераўтварыць яе ў выхаваўчы цэнтр з мэтай сацыяльнай адаптацыі.

28 траўня. Мінск-Бабруйск. Саша Мінько/ Фота: Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Гэта адна з галоўных высноў, якую можна вынесці з другой канферэнцыі «Аднаўленчае правасуддзе ў дачыненні да непаўнагадовых», якая прайшла ў Менску 23 траўня. Мерапрыемства прайшло амаль у таямніцы, маці асуджаных непаўнагадовых, чые дзеці ўтрымліваюцца ў гэтай адзінай у краіне калоніі для падлеткаў, не запрасілі.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, Дзіцячы Фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі і Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў, пры падтрымцы Пасольства Вялікабрытаніі. Міжнародная супольнасць патрабуе ад беларускіх уладаў ужываць да падлеткаў, якія ўчынілі злачынства, выхаваўча-рэабілітацыйныя меры, а не карныя. Улады пакуль супраціўляюцца.

Характэрна, што інфармацыю пра канферэнцыю, якую з нецярплівасцю чакалі сотні маці асуджаных непаўнагадовых, падаў толькі нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь pravo.by , які з нацяжкай можна назваць сродкам масавай інфармацыі. Яго асноўная задача – публікаваць тэксты законаў і інфармацыю ў галіне права.

Фота: Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь

Сярод разнастайнай інфармацыі, пададзенай юрыстамі, можна ўлавіць рэальныя навіны, вартыя ўвагі. Адна з іх добрая, а другая не вельмі. 

З добрага – у мінулым годзе на аналагічнай канферэнцыі ўдзельнікі толькі прыйшлі да высновы пра неабходнасць удасканаліць заканадаўства, а сёння Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў ужо рэальна падрыхтаваў праект «Канцэпцыі ўдасканалення юстыцыі для непаўнагадовых у Рэспубліцы Беларусь». Праўда, гаворыцца толькі пра абмеркаванне гатовай канцэпцыі, а бацькі асуджаных чакалі яе афіцыйнай прэзентацыі.

Не вельмі добрая навіна складаецца ў тым, што асуджаныя па артыкуле 328 КК (за злачынствы, звязаныя з абаротам наркотыкаў),наўрадці змогуць чакаць да сябе ласкі. Калі ўзяць агульную колькасць непаўнагадовых, якія трапілі ў поле зроку міліцыі, то 90% здзяйсняюць правапарушэнні, якія кваліфікуюцца як менш цяжкія. Гаворка ідзе, напрыклад, пра крадзяжы. Мяркуючы па тоне дыскусіі, менавіта да іх і будуць у хуткім часе ўжытыя меры аднаўленчага правасуддзя – медыяцыя і прабацыя.

Кажучы простай мовай, пацярпелы і злачынец атрымаюць магчымасць праз пасярэдніка дамовіцца, каб пацярпелы быў задаволены, а вінаваты ўсвядоміў і загладзіў віну. Падлетак не будзе накіроўвацца ў месцы пазбаўлення волі, прынцып няўхільнасці правасуддзя замяняецца на прынцып загладжвання віны. Чакаецца, што парадак ўзбуджэння крымінальнай справы ў дачыненні да непаўнагадовых будзе зменены.

На канферэнцыі былі агучаны лічбы судзімых непаўнагадовых: з 2005 па 2018 гады іх колькасць скарацілася больш чым у пяць разоў. Але па колькасці падлеткаў, пазбаўленых свабоды, Беларусь трымае ў рэгіёне сумнае лідэрства. Сёння ў бабруйскай калоніі ВК-2 змяшчаецца больш за 220 маладых людзей, і вялікая іх частка патрапіла туды за наркотыкі.

Пазітыўны момант ёсць і ў тым, што новая Канцэпцыя прадугледжвае пераўтварэнне бабруйскай выхаваўчай калоніі для непаўнагадовых, асуджаных да пазбаўлення волі, у выхаваўчы цэнтр, прыярытэтнай задачай якога павінна стаць рэсацыялізацыя і сацыяльная адаптацыя. Нагадаем, бабруйская ВК-2 славіцца досыць жорсткімі ўмовамі ўтрымання

У міжнароднай канферэнцыі прынялі ўдзел больш за 120 чалавек – ад прадстаўнікоў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў да работнікаў дыпламатычнага корпуса. Аднак маці непаўнагадовых, асуджаных па артыкуле 328 КК, на яе не запрасілі. І зроблена гэта было наўмысна, кажа Юлія Астраўко, чый сын у дадзены момант знаходзіцца ў ВК-2. Па яе словах, прадстаўнікі ЮНІСЭФ далі зразумець, што не хацелі б бачыць бацькоў, якія занадта жорстка ставяць пытанне аб утрыманні пад вартай сваіх дзяцей і гатовыя за іх змагацца.

Фота: Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь

Нагадаем, раней у інтэрв’ю магілёўскаму часопісу аб правах чалавека MSPRING. ONLINE яна дала досыць жорсткую ацэнку працы ЮНІСЕФ у Беларусі.

З іншага боку, адзначае нефармальны лідэр руху “Маці-328” Ларыса Жыгар, на канферэнцыю з маці наогул ніхто б не патрапіў, калі б не пазіцыя ЮНІСЕФ. Яна апынулася адзіным прадстаўніком бацькоў, якія сядзяць у калоніях дзяцей, каму ўдалося паўдзельнічаць у мерапрыемстве. У апошні момант, тлумачыць яна, ёй прыйшло запрашэнне ад кіраўніка прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі Рашэды Мустафы Сарвара. Ад беларускіх арганізатараў мерапрыемства такіх прапаноў не было.

Калі казаць пра вынікі канферэнцыі, то сказаць няма чаго, адзначае Ларыса Жыгараў. Быў проста абмен думкамі. Прадстаўнікі Беларусі кажуць прыгожа і шмат аб правах дзiцяцi, але рэальнага рашэння ніхто прыняць не хоча.

З цікавага можна толькі адзначыць прысутнасць на канферэнцыі намесніка начальніка ДВП Уладзіслава Мандрыка, які ў сваім дакладзе заявіў, што пакаранні для непаўнагадовых у Беларусі заснаваныя на прынцыпах гуманізму. А потым вырашыў трохі пагуляць лічбамі. У мінулым годзе, калі яму верыць, у бабруйскую ВК-2 было адпраўлена усяго 58 чалавек. Праўда тут жа ён удакладніў, што ў ВК-2 ўтрымліваюцца юнакі да 21 года, а ў некаторых выпадках можна дасядзець ўвесь тэрмін. Так што ў выніку ўсё роўна атрымліваецца 220 вязняў.

Бацькі вязняў, якія ўжо дасягнулі ў калоніях паўнагадовасці, на ўмовах ананімнасці пагадзіліся выказаць і сваё меркаванне. Яны стаміліся ад пустых абяцанняў дзяржорганаў і ўпэўненыя, што пакуль ідзе пустое абмеркаванне варыянтаў рэфармаванне беларускай пенітэнцыярнай сістэмы, іх дзеці адседзяць поўны тэрмін. Ім ужо не цікавыя рэпартажы з канферэнцый. Па сацсетках яны перасылаюць зусім іншыя фатаграфіі. Бабруйская выхаваўчая калонія №2 адсвяткавала 3 траўня свой 80-гадовы юбілей. На ўрачыстае мерапрыемства была дапушчана толькі газета «Вячэрні Бабруйск». На адным з дзясятка апублікаваных ёю фота можна паглядзець на тых, хто непасрэдна ахоўвае іх дзяцей.

Фота: «Вячэрні Бабруйск», bobruisk.ru