Цяпер поўная забарона на відэльцы, а з абуткам сітуацыя яшчэ складанейшая.

У гомельскай жаночай папраўчай калоніі № 4 абнавілі «Пералік рэчаў, якія асуджаныя могуць мець пры сабе з улікам мясцовых умоў і магчымасцяў для іх захоўвання».

Дакумент быў падпісаны начальнікам калоніі Станіславам Кавалёвым 5 студзеня 2026 года і цяпер вывешаны для інфармавання сваякоў асуджаных.

З пераліку выключаныя пластыкавыя талеркі і відэльцы. Гэта азначае, што пры перадачы камплекта аднаразовага пластыкавага посуду кантралёры пачалі іх выдзіраць і выкідваць. Па-новаму рэгламентаваныя і пластыкавыя кантэйнеры для захоўвання прадуктаў — 4 штукі (раней было 2), але толькі памерам 15×15. Іншыя пластыкавыя ёмістасці будуць утылізаваныя.

Найбольшае значэнне маюць змены ў пунктах 12–15, якія датычацца абутку, дазволенага асуджаным жанчынам. Паводле прызнання сваякоў, гэта адна з найбольшых праблем у ПК-4. Сёння знайсці ў крамах пару, якая цалкам адпавядае патрабаванням, практычна немагчыма. Ідучы па пакупкі, даводзіцца браць з сабой лінейку, а пасля адразаць дэкаратыўныя элементы або зафарбоўваць іх спецыяльным маркерам.

  1. Дазваляюцца туфлі (скураныя, з кожзаму) чорнага колеру, не лакаваныя, з поўнасцю закрытай ступнёй з боку борцікаў, носка і пяткі, без адтулін, без выразных прыкмет спартыўнага абутку, без упрыгожванняў, абцас або платформа не вышэй за 5 см, дапускаецца шнуроўка — 2 адзінкі (з улікам выдадзеных у ПК-4). Нашэнне абутку з замшы, нубуку і іншых падобных матэрыялаў забаронена.
  2. Басоножкі (скураныя, з кожзаму) чорнага колеру, не лакаваныя, з поўнасцю закрытым носкам і пяткай, без упрыгожванняў, абцас або платформа не вышэй за 5 см. Нашэнне абутку з замшы, нубуку і іншых падобных матэрыялаў забаронена — 1 адзінка.
  3. Боты (дапускаецца шнуроўка да 7 пар адтулін) або зімовыя боты — 1 адзінка, восеньскія боты — 1 пара; боты, выдадзеныя ў ПК — 1 пара. Патрабаванні: чорнага колеру, скураныя, з кожзаму або «дуцікі», без уставак іншага колеру, без дэкаратыўных элементаў, без аздаблення і футра на знешняй частцы, абцас або платформа не вышэй за 5 см, вышыня халявы да 30 см; вусцілкі — да 2 адзінак.
  4. Гумовыя боты — 1 пара (для выканання гаспадарчых работ — цёмных адценняў), дажджавік (чорны, цёмна-сіні, цёмна-зялёны або празрысты белы) — 1 адзінка. Нашэнне гэтых рэчаў дазваляецца толькі ў непагадзь пры выпадзенні ападкаў.