У Магілёве мужчыну, які вярнуўся з Польшчы, адправілі ў калонію на тры гады, хаця следчы абяцаў адваротнае.
Як стала вядома MAYDAY TEAM, каля месяца таму суд Ленінскага раёна прысудзіў магіляўчаніна Аляксандра Кулікова да трох гадоў пазбаўлення волі з накіраваннем у калонію агульнага рэжыму.
Падставай для крымінальнай справы сталі каментары ў адным з чатаў, прызнаным сілавікамі экстрэмісцкімі матэрыяламі ў траўні 2021 года.
На падставе каментароў супраць Кулікова была ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 368 КК РБ (абраза Аляксандра Лукашэнкі) і па арт. 367 КК РБ (паклёп на Аляксандра Лукашэнку).
Як паведамілі знаёмыя Аляксандра, якія знаходзяцца за мяжой, у траўні 2023 года, ужо пасля ўзбуджэння крымінальнай справы, ён выехаў у Польшчу, дзе прабыў каля месяца.
Пасля, калі верыць словам крыніц, яму патэлефанавала састарэлая маці, якая паведаміла, што ёй тэлефанаваў следчы і пагражаў вышукам сына. У той жа час было абяцана, што калі Кулікоў вернецца, то яму будзе абраная мера пакарання, не звязаная з пазбаўленнем волі.
Праз нейкі час Кулікоў вырашыў вярнуцца ў Беларусі і быў затрыманы. На сувязь ён перастаў выходзіць падчас перасячэння мяжы.
Прыкладна ў сярэдзіне ліпеня ў дачыненні да Кулікова быў распачаты судовы працэс, які скончыўся для мужчыны рэальным пазбаўленнем волі тэрмінам на тры гады.