Мінскі гарадскі суд палічыў незаконнай пастанову суда Савецкага раёна ад 26 снежня. Тады Станіслава Паўлінковіча нават не папярэдзілі пра судовы працэс у дачыненні да яго.
30 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Суд Савецкага раёна Мінска яшчэ 26 снежня аштрафаваў Станіслава Паўлінковіча за ўдзел у анты-інтэграцыйных мітынгах у сталіцы 7 і 8 снежня. Штраф склаў 637 рублёў.
Праўда, самога актывіста на суд не паклікалі. Па запэўненні Паўлінковіча, «позваў на пасяджэнне яму не дасылалі, яму ніхто не тэлефанаваў, не пісаў і нават не спрабаваў звязацца». Пра штраф Станіслаў даведаўся толькі калі на яго завялі новую адміністрацыйную справу ў Магілёве.
Паўлінковіч вырашыў абскардзіць неправамерную снежаньскую пастанову пра штраф і звярнуўся ў Мінскі гарадскі суд.
21 красавіка суддзя Яўген Хаткевіч адмяніў пастанову суда Савецкага раёна Мінска. У сваім рашэнні Хаткевіч заявіў, што Паўлінковіч не быў апавешчаны належным чынам аб снежаньскім працэсе.
«Выкладзенае пацягнула істотнае парушэнне працэсуальнага закона», – адзначыў суддзя.
Ён адмяніў рашэнне аб штрафе ў 637 рублёў і накіраваў матэрыялы справы на новы разгляд.