Глеб Будкоў падышоў да тэмы салідарнасці з цемнаскурымі нетрывіяльна – ён павязаў бел-чырвона-белы сцяг на плячах і планаваў праходзіць з ім да 4 ліпеня – Дня Незалежнасці ЗША.
6 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Глеба Будкова затрымалі каля 16 гадзін дня 3 ліпеня каля ГЦ «Атрыум». Яго сябар паведаміў праваабаронцам «Магілёўскай вясны», што падставай для затрымання стаў бел-чырвона-белы сцяг, які малады чалавек навязаў на сваіх плячах. Трое сутак Будкова пратрымалі ў ізалятары часовага ўтрымання.
Судовы працэс прызначылі на 6 ліпеня. Глеба абвінавацілі ў парушэнні Закона “Аб масавых мерапрыемствах”, склаўшы на яго пратакол за арганізацыю незаконнага пікету ў цэнтры горада.
У суд Ленінскага раёна 26-лётнага хлопца даставілі ў суправаджэнні міліцыі.
На пасяджэнні высветлілася, што акцыя хлопца мела вельмі нечаканыя карані.
– Я вырашыў выказаць салідарнасць з цемнаскурымі людзьмі, якія сутыкаюцца з дыскрымінацыяй па ўсім свеце. Падставай паслужылі апошнія падзеі, якія адбываюцца ў ЗША і Заходняй Еўропе. Я павязаў бел-чырвона-белы сцяг у Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь і збіраўся так праносіць яго да 4 ліпеня – Дня незалежнасці ЗША, – растлумачыў на судзе Будкоў.
Такі выбар сцяга Глеб патлумачыў тым, што той звязаны, у тым ліку, з імем нацыянальнага героя некалькіх краін Тадэвуша Касцюшкі, які ваяваў і за незалежнасць Злучаных штатаў Амерыкі.
Праз некаторы час пасля таго, як сцяг апынуўся на плячах Будкова, да яго падышоў невядомы чалавек у цывільным адзенні. Ён адвёў Глеба на лаву, дзе запатрабаваў, каб той не вёў відэаздымку, а таксама зьняў сьцяг. Пасля гэтага пад’ехаў мікрааўтобус, з якога выйшаў супрацоўнік АМАП і затрымаў Будкова.
У аддзяленні міліцыі на яго склалі адміністрацыйны пратакол па ч.2 арт.23.34 КаАП за «арганізацыю несанкцыянаванага масавага мерапрыемства» і адправілі ў ІЧУ.
На судзе 6 ліпеня Будкоў заявіў, што «ў юрыдычным плане сваю віну прызнае», але як такім сябе вінаватым не лічыць. Ён растлумачыў, што не ведаў, што ў Магілёве нават для адзіночнага пікету патрэбны дазвол гарвыканкама.
У якасці доваду ён прывёў прыклад, сведкам якога стаў сам: некалькі месяцаў таму па цэнтры гораду хадзіў п’яны мужчына з расійскім трыкалорам і чапляўся да мінакоў з правакацыйнымі пытаннямі. Супрацоўнікі міліцыі не ўжылі да яго ніякіх санкцый, зазначыў Будкоў.
– Я думаў, што ў Беларусі ёсць свабода слова, – сказаў падчас выступу малады чалавек.
Суддзя Вікторыя Палякова, якая вяла працэс, выдаткавала на ўсе паседжанне не больш за 20 хвілін. Па яго выніках яна вырашыла прыпыніць разгляд і адправіла матэрыялы адміністрацыйнай справы на дапрацоўку ў Ленінскі РАУС. Самога Будкова пакуль адпусцілі дамоў.