Ад казакоў да людзей з высокім узроўнем грамадзянскай адказнасці.

5 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Нягледзячы на заявы аб саюзнiцтве і нарастаючыя чаканні ад V сумеснага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, на мяжы сітуацыя пагаршаецца.

У Хіславіцкім раёне Смаленскай вобласці, які мяжуе з Мсціслаўскім раёнам, прынята рашэнне аб фарміраванні добраахвотных народных і казачых дружын для кантролю беларуска-расійскай мяжы і дапамогі памежнікам.

Падставай для такога рашэння Адміністрацыі Хіславіцкага раёна стала пастанова ўрада РФ ад 1995 года  “Аб парадку прыцягнення грамадзян да абароны дзяржаўнай межаў”.

Верагодна, адной з прычын стаў трыццацідзённы бязвізавы рэжым для замежнікаў, які ўвялі ў Беларусі. Расейскія ўлады раздражняе, што любы еўрапеец фактычна мог бы свабодна трапіць на тэрыторыю краіны.

Акрамя боязі з-за магчымага наплыву замежнікаў, адной з прычын стварэння добраахвотных дружын стала вялікая колькасць кантрабанды, якая паступае ў РФ з Беларусі.

Падчас пасяджэння Каардынацыйнага савета па памежнай палітыцы пры Адміністрацыі Смаленскай вобласці ў чэрвені гэтага года было пазначана, што ў ходзе работы памежнікаў было канфіскавана і знішчана за паўгады амаль 9 тон так званых санкцыйных прадуктаў.

У дружыннікаў будзе права ўдзельнічаць у кантрольных мерапрыемствах – ім выдадуць пасведчанні і нагрудныя знакі.