Каардынатар кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў лічыць гэта спробай ціску з боку завода.

18 сакавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі. На фота – Андрэй Бодзілеў выступае падчас «Маршу недармаедаў», люты 2017 г.


Актывіста Андрэя Бодзілева ў суботу, 16 сакавіка, выклікалі ў Магілёўскі РАУС з-за звароту кіраўніцтва завода «Омск Карбон Магілёў».

Па словах Бодзілева, у дачыненні да яго праводзіцца праверка ў рамках грамадзянска-працэсуальнага кодэкса з-за распаўсюду нібыта недакладных звестак:

– Асноўная прэтэнзія тычылася інфармацыі пра шкодныя выкіды, калі перавышэнне цвёрдых часцінак было вышэй дапушчальнай канцэнтрацыі ў 40 разоў. Міліцыянер заявіў, што я, калі даў інфармацыю, не пазначыў, што выкід з такой канцэнтрацыяй быў менавіта з трубы. Маўляў, да жыхароў блізкіх дамоў «даляцеў» выкід з меншай канцэнтрацыяй, а я гэта не пазначыў, – распавеў Бодзілеў.

Зварот са скаргай на яго, кажа актывіст, напісаў прадстаўнік кіраўніцтва завода Марат Ігізбаеў.

– Супрацоўніка міліцыі вельмі цікавіла, ці атрымліваю я грошы за тое, што займаюся экалагічным актывізмам, як, ад каго. Я сказаў яму, што гэта лухта. Запытваў мяне з нагоды стрыма ў Facebook, калі я паказваў чорны снег пасля выкіду, з нагоды фатаграфій. Пры гэтым матэрыялы праверкі ён мне на рукі не даў, усё з яго словаў.

Сярод прэтэнзій міліцыянер таксама перадаў тое, што Бодзілеў дзеліцца інфармацыяй выключна з незалежнымі сайтамі. Сілавік таксама пацікавіўся, чаму актывіст не звяртаецца ў дзяржаўныя газеты і на тэлебачанне:

Я на гэта адказаў, што рассылаю інфармацыю па ўсіх СМІ. Хто вінаваты, што наша дзяржаўная прэса ігнаруе праблемы і не публікуе гэту інфармацыю? Як ні парадаксальна, але з усіх газет адгукнуўся толькі «Вечаровы Магілёў», – паведаміў Бодзілеў.

Ён адзначыў, што міліцыянер паводзіў сябе адэкватна і варожасці не праяўляў. Уся гутарка доўжылася каля 20 хвілін, пасля чаго каардынатара «За здаровы Магілёў» адпусцілі. Пакуль праверка вядзецца ў рамках ГПК, але ў выпадку выяўлення парушэння з боку Бодзілева, яго могуць прыцягнуць да адказнасці ўжо ў рамках адміністрацыйнага кодэкса.

Я ўпэўнены, што нічога не парушаў. Падобныя дзеянні кіраўніцтва «Омск Карбону» – гэта спроба прымусіць людзей адмовіцца ад актыўных дзеянняў у абарону сваіх правоў. Спроба адвесці ўвагу ад рэальных праблем, якія існуюць на заводзе, – сказаў актывіст.

У лістападзе 2018 года на заводзе «Омск Карбон Магілёў» адбыўся выкід цвёрдых часцінак. Дзяржаўныя эколагі правялі аналізы паветра і выявілі перавышэнне ліміту дапушчальнай канцэнтрацыі цвёрдых часцінак у 40 разоў. Зараз завод пакуль не працуе.