Андрэй Бодзілеў лічыць, што ў эпідэміі каранавіруса, шкодных вытворчасцяў і Чарнобыльскай катастрофы ёсць агульны момант.

26 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Каардынатар кампаніі “За здаровы Магілёў” Андрэй Бодзілеў 26 красавіка ў масцы і з плакатам «Чарнобыль’86. COVID-19. Шкодныя вытворчасці. Што агульнага?» прайшоў ад плошчы Зорак да плошчы Славы.

Па словах Бодзілева, на акцыю ён рашыўся з-за палітыкі ўладаў у дачыненні да эпідэміі каранавіруса.

– Што агульнага ў COVID-19, шкодных вытворчасцяў і Чарнобыля? Наша дзяржава робіць усё, каб хаваць інфармацыю, як і 34 год таму. Я хацеў нагадаць людзям, што ў нашай гісторыі гэта ўжо ўсё было. Нагадаць, што хоць у нас не ўвялі карантын, але трэба памятаць, што пагроза здароўю ёсць, асабліва тым, хто ходзіць без масак і іншых сродкаў абароны.

Вуліцы Магілёва былі пустэльныя, але актывіста гэта не засмуціла. Паводле яго слоў, для яго важна, каб людзі памяталі і суадносілі тое, што адбывалася пасля Чарнобыльскай катастрофы і тое, што адбываецца цяпер.

Андрэй Бодзілеў звярнуў увагу, што акрамя COVID-19, у магілёўцаў ёсць і іншая праблема – выкіды прадпрыемстваў у свабоднай эканамічнай зоне “Магілёў”:

– Той жа вядомы магілёўцам «Омск Карбон», пакуль усё перажываюць з-за віруса, атрымаў комплексны прыродаахоўны дазвол на сваю дзейнасць некалькі дзён таму. Пры гэтым сотні жыхароў прылеглых да заводу аграгарадкоў ясна выказалі сваю пазіцыю па ім. Я хацеў нагадаць магілёўцам, што барацьба за сваё здароўе ў нашай дзяржаве – гэта пастаянная барацьба.

З міліцыяй актывіст не сутыкнуўся, але гатовы да таго, што дзяржава яму адпомсціць адміністратыўным пераследам.