Партыі патрабуюць ўключыць сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій.

29 ліпеня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі


Мясцовае партыйнае кіраўніцтва было незадаволена вынікамі фармавання ўчастковых выбарчых камісій у Ленінскім раёне, куды не трапіла ніводнага прадстаўніка апазіцыі. Пры гэтым БНФ “Адраджэньне” вылучала ў склад УВК 9 чалавек, БСДП (Грамада) – 11 чалавек.

Прадстаўнікі партый пазначылі ў скаргах, што па заканадаўству ва УВК магло ўвайсці да 19 чалавек, у  той час, як адміністрацыя Ленінскага раёна абмежавала склад да 15. Такім чынам, улады маглі ўключыць у склад камісій яшчэ па чатыры прадстаўнікі.

Палітыкі засталіся незадаволеныя таксама прынцыпамі адбору ва УВК:

– Каб забяспечыць фактычную незалежнасць і аб’ектыўнасць выбарчых камісій, трэба выканаць тры умовы. Па-першае, каб ў кожнай выбарчай камісіі ўсе палітычныя сілы, якія ўдзельнічаюць у выбарах, былі прадстаўленыя ў роўнай колькасці і раўнапраўныя. Па-другое, каб было забаронена ўключаць у камісіі людзей, якія знаходзяцца не толькі ў роднаснай, але і ў прамой службовай залежнасці адзін ад аднаго і ад дзяржаўных органаў. І па-трэцяе, каб было забаронена разглядаць выбарчыя камісіі, як звычайныя дзяржаўныя ўстанову, якія вырашаюць якія-небудзь сацыяльныя задачы, – заяўляюць у сваіх скаргах БСДП і БНФ.

Палітыкі абвінавачваюць адміністрацыю Ленінскага раёна ў адсутнасці абмеркавання дзелавых і палітычных якасцяў па кожным з вылучаных кандыдатаў, чаго патрабуе пастанова ЦВК.

– З факту неўключэння апазіцыйных прадстаўнікоў адназначна вынікае, што Адміністрацыя ў парушэнне ч.3 арт.11 Выбарчага кодэкса, фактычна зрабіла ўсё УВК залежнымі ад дзяржаўнага органа – ад Адміністрацыі Ленінскага раёна г. Магілёва, – адзначаюць палітыкі.

БНФ і БСДП таксама звярнулі увагуна тое, што на пасяджэнні было абвешчана, што ў склад УВК не ўключаны суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў. Абедзве структуры палічылі такую заяву галаслоўнай:

– Месцы працы сяброў УВК не сустракаліся. І такім чынам, аб захаванні астатніх патрабаванняў Выбарчага кодэкса і іншых цікавых для нас параметраў УВК нічога сказана не было.

Партыі патрабуюць  змяніць рашэнне адміністрацыі Ленінскага раёна і правесці адпаведнае паседжанне, на якім улада ўключыць іх прадстаўнікоў у склад камісій. Суды па абодвум скаргах, згодна з заканадаўствам, павінны прайсці не пазней панядзелка, 1 жніўня.