Суд над Ігарам Шчамялёвым перанесены на 29 траўня. Схоплены Васіль Курушын.

14 траўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


14 траўня судзілі чарговага затрыманага па магілёўскаму «Кейсу Ціханоўскага».

Ігара Шчамялёва затрымалі яшчэ 7 траўня, аднак тады міліцыя адпусціла яго без складання адміністрацыйнага пратакола.

Але ўжо 8 траўня мужчыну затрымалі зноў і даставілі ў Кастрычніцкі РАУС. Там на яго склалі пратакол за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» 5 траўня на Віцебскім праспекце. І гэта пры тым, што мужчына знаходзіўся ў гэты час дома з дзецьмі ў другім канцы горада.

Яго пратрымалі да суду ў ізалятары часовага ўтрымання амаль трое сутак. Падчас суда 11 траўня на працэс нечакана не з’явіліся два сведкі міліцыянта. Суддзя Жанна Пушкіна вырашыла перапыніць працэс да 14 траўня.

14 траўня ў судзе Кастрычніцкага раёна пасяджэнне аднавілася. Тры супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС у якасці сведак аднагалосна заявілі, што бачылі Ігара Шчамялёва на Віцебскім праспекце 5 траўня.

У той жа час, сведка з боку Шчамялёва сцвярджаў, што Ігар у гэты час знаходзіўся дома.

Калі суддзя пачала праглядаць відэазапісы акцыі пратэсту, высветлілася, што чалавек на відэа, у якім міліцыя нібыта апазнала Шчамялёва, на яго не надта і падобны.

Пасля гэтага ўсе сьведкі-міліцыянты выказалі сумнеў, што на відэазапісе сапраўды Ігар Шчамялёў.

Затрыманы, па савеце праваабаронцы «Магілёўскай вясны» Барыса Бухеля, запытаў білінг (вызначэнне месцазнаходжання) свайго тэлефона 5 траўня, а таксама білінг тэлефонаў яго жонкі і сведкі з яго боку. Суддзя Пушкіна з хадайніцтвам пагадзілася.

Працэс павінен аднавіцца 29 траўня.

У сувязі з такім паваротам спраў, у Ігара Шчамялёва ёсць сур’ёзныя падставы патрабаваць пакарання ў дачыненні да супрацоўнікаў РАУС, якія ілжэсведчылі па ім.

МІЛІЦЫЯ ПАЛЮЕ ЗА СЛАБЫМІ

14 траўня стала вядома, што ў Кастрычніцкі РАУС быў дастаўлены пасля затрымання актывіст Васіль Курушын. Барыс Бухелю адмовіліся даваць падрабязную інфармацыю аб тым, ці сапраўды Курушын знаходзіцца там.

Мужчыне ставяць у віну ўдзел у акцыі пратэсту 5 траўня. Суд – 15 траўня.