І нагадвае, што, увогуле, гэта добраахвотная справа. Але ёсць нюанс.
У Магілёве восенню 2023 года здарыўся невялікі скандал. Майстар ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна Магілёва на суботніку атрымаў траўму рукі. Пашкоджанне спачатку было прызнана вытворчым, але пазней «Белдзяржстрах» звярнуўся ў суд, патрабуючы перагляду рашэння – страхавая кампанія палічыла, што суботнік праходзіў у выходны дзень, а працадаўца не даваў прамога загаду ўдзельнічаць у працы.
Суд абавязаў ЖРЭУ перааформіць акт, як аб невытворчым няшчасным выпадку. Калі б майстар не быў застрахаваны ад няшчасных выпадкаў, то не атрымаў бы кампенсацый зусім.
Беларускі сайт петыцый “Зручны горад”, які звярнуў увагу на кейс, вырашыў разабрацца з праблемай суботнікаў, але рэкамендацый аказалася не шмат. Юрыст Вольга Працкевіч нагадала, што суботнікі на працоўным месцы – мерапрыемства добраахвотнае, а любы прымус – гэта парушэнне працоўнага заканадаўства.
Але, разумеючы прававыя рэаліі Беларусі, у мітапе юрыст абмовілася, што перш, чым ісці на канфрантацыю з кіраўніцтвам і не ісці на суботнік, паспрабуйце (цытата)
«знайсці ў ім пазітыўныя моманты: гэта вясёлае баўленне часу з калектывам, якое робіць навакольнае асяроддзе лепшым і плюсік у карму».
З рэальных жа парадаў юрысткі можна вылучыць наступнае:
Трэба сачыць, каб удзел у суботніку быў аформлены юрыдычна, для чаго работніку павінны падаць на подпіс два дакументы:
-згоду на ўдзел у суботніку;
-дакумент, які пацвярджае, колькі грошай плануецца сабраць і на якія мэты.
Калі вы не паставілі два такія подпісы, то рызыкуеце апынуцца на месцы майстра ЖРЭУ Кастрычніцкага раёна. Нагадаем, дзень нараджэння У.І.Леніна прыпадае на 22 красавіка. Дзяржстандарт вызначае гэты дзень як дату Рэспубліканскага суботніка. Сёлета ён будзе праведзены ў бліжэйшую суботу 20 красавіка.