Флагман «Омск Карбон груп» – завод «Омсктэхвуглярод» – зноў перарэгістраваўся ў Маскву. Цяпер падатковы кантроль над прадпрыемствам будуць весці з расійскай сталіцы.
27 снежня. Магілёў. Саша Мінько
19 снежня СМІ паведамілі пра тое, што прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў» пачаў вырабляць першую прадукцыю ў рамках пуска-наладачных работ. Прэс-служба завода назвала «Омск Карбон Магілёў» рэальным прыкладам інтэграцый дзвюх эканомік – расійскі і беларускай. І на гэты спіч мы звернем увагу крыху пазней.
У гэты ж дзень у Омску прэс-служба ТАА «Омсктэхвуглярод» паведаміла, што гэта прадпрыемства стала на падатковы ўлік у Міжрэгіянальнай інспекцыі ФНС па найбуйнейшых падаткаплацельшчыках №5 горада Масквы. Прамгігант тлумачыць гэта тым, што дасягнуў неверагодных паказчыкаў, якія пераводзяць яго ў новы разрад.
Аднак у Омску кожнае такое паведамленне для СМІ пазней абрастае каментарамі, з якіх становіцца зразумелай логіка дзеянняў бізнэсоўца Валерыя Каплуната. Так адбылося і на гэты раз. Адзін з крытыкаў прадпрыемства адзначае, што з прыходам новага губернатара Аляксандра Буркова бізнес-клімат для алігархаў пагоршыўся, а маскоўскі падатковы кантроль ён называе «лішнімі грашыма на панты з перарэгістрацыяй». Калі кіраўніцтва вобласці раптам зменіцца, і ківач качнецца ў іншы бок, «Омсктэхвуглярод» папросту вернецца ў Омск.
А на наступны дзень, 20 снежня, з’явілася інфармацыя, якая, збольшага тлумачыць сітуацыю – кіраўнік рэгіёну Аляксандр Буркоў запрасіў маскоўскага экалагічнага актывіста на першае пасяджэнне Экспертнага савета па экалогіі пры губернатары Омскай вобласці. Больш за тое, старшыня Расійскага экалагічнага таварыства Рашыд Ісмаілаў яго і ўзначаліў. Стала вядома, што прапановы Омскай вобласці аб спрошчаным доступе наглядных органаў на прадпрыемствы, якія ігнаруюць экалагічныя правілы, былі падтрыманы на федэральным узроўні – адпаведныя папраўкі ў закон унесла Дзярждума РФ.
Цяпер сысці ад адказнасці не атрымаецца. Экспертная рада будзе самастойна сачыць за экалагічнай сітуацыяй у рэгіёне і дзейнасцю прамысловых прадпрыемстваў. А Омск ўваходзіць у лік 12-ці гарадоў, якія павінны істотна знізіць выкіды, выконваючы даручэнне прэзідэнта Расіі. Новае заканадаўства прымусіць уласнікаў прадпрыемстваў перайсці на выкарыстанне больш экалагічных тэхналогій.
Па выніках года Омск увайшоў у пяцёрку самых дэпрэсіўных рэгіёнаў Расіі, фактычна – гэта зона экалагічнага бедства. Ільвіную долю забруджванняў даюць тры прадпрыемствы хімпраму – нафтаперапрацоўчы завод, «Омскшына» і «Омсктэхвуглярод», хоць у апошні месяц труціў паветра і гальванічны цэх танкавага заводу «Омсктрансмаш».
Каб зразумець омскія экалагічныя рэаліі, прывядзем цытату Аляксандра Буркова на экспертным савеце. Ён прызнаў, што праблема прамысловых выкідаў не змяншаецца і адкрыта назваў прадпрыемствы непрыемным словам: «Практыка процідзеяння экалагічным тэрарыстам паказала, што ў рэгіянальнай ўлады не хапае паўнамоцтваў …».
Нагадаем, у Магілёве 19 снежня прадстаўнікі «Омск Карбону» заявілі, што на заводзе «устаноўлены сучасныя ачышчальныя сістэмы, з ужываннем якіх «Омск Карбон Магілёў» стане ў адзін шэраг з самымі перадавымі заводамі свету». Праўда, у гэты ж час кіраўнік Омскай вобласці называе забруджвальнікаў паветра «экалагічнымі тэрарыстамі» і кажа, што праблема прамысловых выкідаў не змяншаецца нават пасля асабістага патрабаванні Пуціна. Верагодна, «Омсктэхвуглярод» таксама маецца на ўвазе.
Фота чарговага «пуску» магілёўскага заводу, апублікаванае радыё «Свабода», кажа само за сябе:
Але вернемся пакуль у Омск, дзе супрацьстаянне алігархаў і іх фінансавых імперый не спыняецца вось ужо чвэрць стагоддзя. Пакуль магілёўцы слухалі аповеды пра новыя ачышчальныя сістэмы і лідэрства ў свеце, «Омсктэхвуглярод» апошнія два месяцы займаўся вельмі празаічна разборкамі з мясцовай «Цеплавой кампаніяй». Прадстаўнікі «Омсктэхвуглярода» раптам заявілі ў паліцыю аб крадзяжы цеплавой энергіі.
Нібыта была выяўленая незаконная ўрэзка ў цеплавым вузле завода – гэта была перамычка, якая забяспечвае звышнарматыўнае падсілкоўванне сеткавай вады «Цеплавой кампаніі» за кошт крыніцы «Омсктэхвуглярода». Праўда, пазней высветлілася, што перамычка была часткай савецкай сістэмы для забеспячэння бесперабойнай падачы цяпла, змантаваная яна была ў канцы 90-х гадоў у якасці аварыйнай. Неяк гэта нізка для будаўнікоў «перадавога завода свету».
Але не толькі мы цытуем омскія СМІ. Як аказалася, нашы омскія калегі ідуць тым жа шляхам, каб зразумець, што дзеецца ў далёкім Магілёве. У гэта цяжка паверыць, але амічам распавядаюць пра тое, як «расейскі інвестар ўкладвае сотні мільёнаў даляраў у будаўніцтва сучаснай высокатэхналагічнай вытворчасці». А ў гэты ж час унутры Расіі крытыкі «Омсктэхвуглярода» атрымліваюць цэтлікі (цытата) «блогераў-фрыкаў, прадажных СМІ, прыдуркаў і вымагальнікаў ўсіх масцёў».
Там ёсць нават неіснуючы журналіст Зотаў, які штампуе пасквілі на непажаданых. Для прыкладу, артыкул, прысвечаны губернатару вобласці, выйшла пад кідкім загалоўкам «Аляксандр Буркоў: піяр праз лізаблюдаў?» Думаецца, магілёўскія журналісты наўрад ці адважыліся б напісаць нешта такое на адрас Леаніда Зайца. А ў Омску гэта норма. І піша ўсё чалавек, якога ніхто ніколі не бачыў, і нават у суд яго выклікаць нельга.
У першай палове снежня омскае выданне «Бізнес-Курс» прысвяціла матэрыял сітуацыі з пераследам магілёўскіх журналістаў і экалагічных актывістаў з боку «Омск Карбон Магілёў». І апынулася, што гэтая тактыка добра вядомая амічам. Прывядзём красамоўную цытату журналісткі Ульяны Няскоравай:
«Як аказалася, у Магілёве ідзе сваё непрымірымая вайна з мясцовымі (журналістамі, – заўв. Рэд.) – адзін у адзін з омскай.
У кастрычніку 2019 каля дзясятка чалавек з адміністрацыі сажавага завода напісалі заяву ў Магілёўскі РАУС аб тым, што каардынатар кампаніі «За здаровы Магілёў» Андрэй Бодзілеў у складзе групы спрабуе вымагаць у іх хабар. Знаёмая песня».
Таксама выданне публікуе вось гэтае фота з мітынгу працоўных завода ў падтрымку ўласнага прадпрыемства:
Сутнасць у тым, што верагодны ўладальнік «Омск Карбон груп» спадар Каплунат і кампанія прыкрываюцца гучнымі словамі накшталт «рэальны прыклад інтэграцыі дзвюх эканомік», «нацпраекта», «з нас вымагаюць грошы» і іншымі, каб прыкрыць рэальныя праблемы з экалогіяй. Далей ён можа пачаць прыкрывацца нават прозвішчамі Лукашэнкі і Пуціна.
Таму магілёўскім актывістам і міліцыі не трэба падманвацца – усё гэта толькі частка прадуманай стратэгіі барацьбы алігарха з непажаданымі. Магілёўцы павінны старанна сачыць за экалагічнай сітуацыяй і дзейнічаць максімальна жорстка.
Паказальным прыкладам застаецца прыналежнасць прадпрыемстваў. Нагадаем, група кампаній «Омск Карбон груп» належыць кіпрскаму афшору. Завод «Омск Карбон Магілёў» афіцыйна з’яўляецца расійскім інвестпраектам «Омсктэхвуглярода», і яго юрыст публічна адмаўляе датычнасьць да кіпрскім кампаніям. Але заснавальнікам самога прадпрыемства «Омсктэхвуглярод», па інфармацыі Федэральнай падатковай службы Расіі, са 100% -ай доляй з’яўляецца менавіта кіпрская прыватная кампанія з адказнасцю, абмежаванай акцыямі «Омск Карбон Груп Лімітэд». У Омску знаходзіцца толькі цэнтральны офіс міжнароднай кампаніі.