Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” распавёў магілёўцам аб тым, чым падобныя 2017 і 2011 год і чаму нават слабая грамадзянская супольнасць мяняе цэлыя дзяржавы.
22 верасня. Магілёў. Грамадскі цэнтр “Кола” Алесь Святліцкі
Лідар праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі 22 верасня сустрэўся з магілёўцамі ў цэнтры “Кола”, каб расказаць пра сітуацыю ў Беларусі і сваім вопыце праходжання рэпрэсій. Паслухаць вядомага праваабаронцу прыйшло каля пяцідзесяці чалавек.
Па назіраннях Бяляцкага, у краіне рэпрэсіі набылі ўжо цыклічны характар:
– Мы рэгулярна сутыкаемся з адным і тым жа: спачатку абяцанні ўлады, потым крызіс, потым павелічэнне палітычнай актыўнасці і як адказ на іх – палітычныя рэпрэсіі. Усё, што адбываецца цяпер, было ў 2011 годзе. Я б выдзеліў два асноўныя моманты. Па-першае, гэта запалохванне народа пры дапамозе крымінальных спраў. У 2011 годзе пасля “Плошчы-2010” дзясяткі людзей праходзілі па крымінальных артыкулах. Таксама і ў гэтым годзе мы сутыкнуліся з “справай патрыётаў”, калі больш за два дзесяткі чалавек абвінавацілі ў сур’ёзных злачынствах, прычым з кантэксту відаць, што ўсё гэта падстроена адмыслова. У 2011 годзе ўзяліся за праваабаронцаў, была крымінальная справа супраць мяне, супраць юрыста “Вясны” Валянціна Стэфановіча. У 2017 мы бачым сапраўды такі ж падыход у дачыненні да прафсаюза РЭП, – падзяліўся назіраннямі Бяляцкі.
На яго думку, галоўнае адрозненне, якое ёсць паміж падзеямі 2011 і 2017 гадоў, у тым, што ўлада дзейнічае хітрэй:
– Мы ж памятаем, што тады ў СІЗА і турмах сядзелі вядомыя людзі, палітыкі, грамадскія дзеячы. Адпаведна і рэакцыя міжнароднай грамадскасці была гучнай – усім было відавочна, што пераслед грамадзянскай супольнасці мае палітычны падтэкст. У той жа “справе патрыётаў” у асноўным – малавядомыя, непублічныя людзі. Тое ж датычыцца і РЭП. Улады, напэўна, улічылі вопыт, калі на іх аказваўся мацнейшы ціск за мой арышт і таму лідэр РЭП Генадзь Фядыніч знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Затое “закрылі” бухгалтара Ігара Комліка – ціхага і непублічнага. Еўропа не так актыўна рэагуе на гэта, як хацелася б,- панаракаў праваабаронца.
Ён распавёў пра тое, як з яго пункту гледжання выглядала крымінальная справа, якая была заведзеная ў 2011 годзе, а таксама падзяліўся ўражаннямі ад бабруйскай папраўчай калоніі №2, дзе ён прабыў большую частку свайго турэмнага тэрміну. У калоніі ён шмат займаўся літаратурай, у выніку чаго былі выдадзены некалькі кніг. Адну з іх – “Халоднае крыло Радзімы” – Алесь Бяляцкі прэзентаваў магілёўскай публіцы.
На развітанне праваабаронца сказаў, што, нягледзячы на праблемы, жыць і спадзявацца на лепшае трэба:
– Ёсць краіны, дзе рэжым ледзь не цалкам рэпрэсуе палітычных апанентаў і грамадзянскіх актывістаў. У тым жа Азербайджане ёсць каля 200 палітвязняў, у асноўным журналісты і блогеры. Так што ў нас усё не так дрэнна. Але многае залежыць яшчэ і ад нашых людзей. Мы не можам абараніць правы 9,5 мільёнаў чалавек, калі людзям гэта не трэба, – сказаў на заканчэнне Бяляцкі.
У канцы ён падпісаў кожнаму жадаючаму экзэмпляр сваёй кнігі.
Сустрэчу арганізавалі “Магілёўская вясна”, сайт аб правах чалавека ў Магілёве mspring.online і грамадскі цэнтр “Кола”.