Алена Крэнь хацела аддаць сына ў дзіцячы сад побач з домам, але замест гэтага ёй прыдзецца вазіць дзіця ў іншае месца.
22 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Шматдзетная маці, актывістка Алена Крэнь разам са старшынёй партыі БСДП (Грамада) Ігарам Барысавым напачатку красавіка падалі заяву ў Магілёўскі гарвыканкам, у якім папрасілі адкрыць у дзіцячым садзе №102 групу з беларускай мовай навучання. Яны прапанавалі іншым магілёўцам далучыцца да іх.
21 красавіка Крэнь прыйшоў адказ – яе сына не возьмуць у бліжэйшы сад. Замест гэтага, каб Ілля развіваўся ў беларускамоўным асяроддзі, ёй прыйдзецца вазіць сына у яслі-сад №79 – побач з сярэдняй школай №34.
“У 2018-2019 навучальным годе плануецца набор дзяцей дашкольнага ўзросту ў групу з беларускай мовай выхавання на базе яслі-сада №79 па бульвары Непакораных, 87. Менавіта гэтая ўстанова адукацыі знаходзіцца побач з дзяржаўнай установай адукацыі “Сярэдняя школа №34”, дзе дзейнічаюць класы з беларускай мовай навучання“, – сказана ў адказе начальніцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Ірыны Новікавай.
– Сацсеткамі ўсіх не ахопіш, у бліжэйшы час зробім расклейку па раёне, так будзе больш дзейснай. Калі набяруцца дзеткі на месцы, то будзем падымаць пытанне аб садку тут. А калі не – будзем вазіць,- адзначыла ў каментары пад сваім пастом Алена Крэнь.