81-гадовая Ала Няўмоева паспрачалася з камунальнікамі, калі выкідвала смецце. Гэта запісалі і выклалі ў TikTok, а Лукашэнку прызналі пацярпелым.

Увага! У тэксце выкарастаныя выявы з пабліка Вконтакте “Страдающее средневековье“.

У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва адбылося адразу некалькі ўзрушаючых рэчаў. Па-першае, быў дадзены гістарычны вынік – упершыню незалежная Беларусь убачыла, як за абразу Аляксандра Лукашэнкі далі не калонію або «хімію», а штраф у 30 базавых велічыняў.

Па-другое, сам судовы працэс быў падобны хутчэй на фантазію Льва Шастова пад ЛСД. Змяшалася ўсё – разбітыя дарогі, сметнік, TikTok і несуцішнае жаданне дробных чыноўнікаў выслужыцца.

УСЕ ПАЧЫНАЕЦЦА СА СМЕЦЦЯ

 

Алу Няўмоеву могуць памятаць старажылы магілёўскага дэмакратычнага руху, чыя актыўная дзейнасць прыпала на 90-е.

Цяпер ёй ужо 81 год. У яе інваліднасць другой групы. Хутчэй за ўсё, вы б пра яе можа ніколі б і не пачулі, калі б раніцай аднаго з красавіцкіх дзён яна не пайшла выкідаць смецце.

З матэрыялаў справы: «Няўмоева Ала Фёдараўна, маючы намер на здзяйсненне злачынства супраць парадку кіравання, у красавіку 2021 года публічна ў дзённы час, знаходзячыся каля Віцебскага праспекта, 28, у прысутнасці іншых асоб, публічна і наўмысна выказала ў вуснай форме, якія маюць негатыўную ацэнку Лукашэнкі, і ненарматыўнай форме фразы, якія абразілі гонар і годнасць асобы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у сувязі з ажыццяўленнем ім сваіх паўнамоцтваў, накладзеных на яго Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Здзейсніла злачынства па ч. 1 арт. 368 КК РБ».

Сваю віну Няўмоева і падчас следства, і падчас судовага працэсу прызнала.

СМЯЦЯР АДПЛАТЫ

Як заявіла Няўмоева на першым паседжанні 4 жніўня, усё пачалося з таго, што яна пайшла раніцай выкідаць смецце да кантэйнераў. Туды ж пад’ехалі супрацоўнікі «Спэцаўтапрадпрыемства», якія займаюцца ачысткай кантэйнераў.

– Там быў смяцяр ў аўто. Здымаў мяне на камеру і задаваў пытанні. Наогул пачала размову, таму што ён пастаянна ездзіць, палівае вадой адрыны, разбіў гэтую сметніцу. Дарогу разбіў. Я неспецыяльна туды падышла, проста смецце выкідвала. Знізу быў іншы, грузчык [мабыць, маецца на ўвазе напарнік супрацоўніка «САП»]. Ён мне пытанне – якая ў вас прэтэнзія. Я – калі вы гэтую сметніцу зробіце, там жа ўжо хутка канава будзе. Там так страшна ўсё зроблена, людзі пакутуюць, ямы. Асфальт не цалкам паклалі, – заяўляла на судзе Няўмоева.

Мэты абражаць Аляксандра Лукашэнку ў Алы Фёдараўны не было. Нават наадварот – у судзе яна паведаміла, што калісьці нават за яго агітавала. Але прайшлі тыя часы:

– Чаму абразіла прэзідэнта? Я звярталася да яго [з нагоды камунальных праблем], а мне адказу не прыходзіць. Некалькі разоў адказваў Шлык [начальнік галоўнага ўпраўлення па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Адміністрацыі прэзідэнта]. Адпраўлялі ў Міністэрства ЖКГ. А яны потым мае лісты адпраўляюць у Магілёў, а ў Магілёве мне ніякага адказу не даюць, – паскардзілася Няўмоева.

Яна прызнала, што сапраўды выкарыстала нецэнзурную лексіку на адрас Аляксандра Рыгоравіча. Але адзначыла, што яе проста давялі:

– Фразы, якія казала – казала. Усе казала нармальна спачатку, а ў канцы ў мяне нервы не вытрымалі, што я б’юся, а нікому нічога не трэба. Мацюкальныя словы выкарыстала. Заўваг мне ніхто не рабіў, толькі гэтыя двое смяцяроў. Я не вытрымала проста. Нікому гэта справа не трэба, – паскардзілася ў судзе Ала Фёдараўна.

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА ПАЦЯРПЕЎ

Афіцыйна пацярпелым па крымінальнай справе аб абразе, якая адбылася на сметніку паблізу Віцебскага праспекта, 28, прызнаны лідэр дзяржапарату Аляксандр Лукашэнка.

З гэтага дзяржаўны абвінаваўца, памочнік пракурора Вольга Багукоўская, зладзіла асобны спектакль, спытаўшы, ці зразумела Няўмоева, што нецэнзурная лексіка абражае службовую асобу – Аляксандра Лукашэнку.

– Мяне правакавалі, – заявіла Няўмоева.

– А калі б абразілі Няўмоеву, – мудра пацікавілася памочнік пракурора.

– Не ведаю, я ніколі б з-за гэтага не судзілася. Пакрыўдзілася б, але што я магу зрабіць? Біцца я не ўмею. І абароны няма, – адказала 81-гадовая жанчына.

– А больш карэктныя словы вы тады маглі падабраць? – ціснула дзяржабвінаваўца

– Не магла, калі гэта здарылася. Давялося, – сказала ў адказ на пытанне Ала Фёдараўна.

ЗАНЯТЫЯ СВЕДКІ

На паседжанні 4 жніўня не з’явіліся ажно трое сведкаў – Халецкая, Галубкоў і Бондараў, у якіх, мабыць, знайшліся справы больш важныя.

Прыбыў толькі Аляксандр Зайцаў. Як аказалася, гэта той самы супрацоўнік «Спэцаўтапрадпрыемства», які засняў ўсю размову з Няўмоевай на камеру. Праўда, на пасяджэнні ён абвясціў, што ў «САП» ужо не працуе.

Ён растлумачыў, што ў красавіку яны з напарнікам Андрэем Бондаравым прыехалі на смеццявозе забіраць адходы. У гэты момант Няўмоева прыйшла выкідаць сваё смецце. Пабачыўшы камунальнікаў, Ала Фёдараўна падышла да іх і пачала выказваць прэтэнзіі, што смеццевыя бакі размешчана не так як трэба, з-за чаго руйнуецца дарога, у тым ліку і ад смеццявоза.

Зайцаў растлумачыў, што розныя спрэчкі з жыхарамі ў працаўнікоў у «САП» адбываюцца рэгулярна, таму начальства прапанавала ім здымаць любыя патэнцыйна канфліктныя сітуацыі. Праўда Аляксандр Зайцаў не папярэдзіў Няўмоеву, што здымае размову.

Якога характару размова была? Ну спачатку казала, што пенсіі маленькія. Была гаворка пра прэзідэнта. Толкам не памятаю, – распавядаў 4 жніўня Зайцаў.

Дзяржабвінаваўца пацікавілася, што менавіта гаварыла Няўмоева.

– Ну, нядобра адклікалася, – коратка паведаміў экс-камунальнік.

 – Ці ужывала яна ў гэты час нецэнзурныя выразы? – спытала дзяржабвінаваўца Багукоўская.

– Так.

– А скажыце калі ласка, як гучна выказвалася на адрас прэзідэнта Няўмоева. Можна сказаць, што яна крычала? – настойліва дапытвалася Зайцава дзяржабвінаваўца Багукоўская.

– Так.

Крымінальная справа супраць Няўмоевай была ўзбуджаная, калі ролік размовы з ёй трапіў у Інтэрнэт. Але вось як ён туды трапіў – не ведае нават той, хто здымаў. Па словах Аляксандра Зайцава, відэа ён нікуды не выкідваў.

У нас было адкрыццё сезона. На тэлефоне ў мяне ніякіх блакаванняў няма. Ну, сядзелі там кампаніяй, вялікая кампанія была, чужыя людзі сядзелі. Можа хто ўбачыў і сабе перакінуў. Нікому не перасылаў. Я думаю, што там нехта скарыстаўся. Хлопцаў я фатаграфаваў, яны папрасілі перакінуць ім фатаграфіі, ну я і сказаў, наце, самі перакідайце гэтыя фатаграфіі. І ўжо назаўтра знаёмыя запытваюць, ці бачыў я сваё відэа ў інтэрнэце, – распавёў Зайцаў.

TIKTOK-CHALLENGE

Нечакана для сябе Ала Няўмоева стала лакальнай зоркай. Відэа з ёй міліцыянты знайшлі не ў палітычна звыклых Telegram-каналах цi ўтульным Facebook, а на платформе, дзе ўзлятаюць песні Моргенштэрна і падміргвае з альпакай Бэла Порч- TikTok.

Згодна з матэрыяламі справы, у сацыяльнай сетцы TikTok была выяўленая відэазапіс з абразай Аляксандра Лукашэнкі ад Няўмоевай з подпісам «Хто галасуе? Ён сам сябе, ****, выбірае. Меркаванне пенсіянеркі, якую раздражняе Лукашэнка».

Экспертыза відэа пацвердзіла, што ў дыскусію каля смеццевых бакаў ўступілі Ала Няўмоева і Аляксандр Зайцаў. Але што такога сказала 81-гадовая жанчына, што нават сам кіраўнік дзяржапарату апынуўся пацярпелым?

СКРОЗЬ ЯЙКІ

Прыводзім з скарачэннямі размова, які трапіў на відэазапіс. Папярэджваем: там – крынж:

Мужчына №1, магчыма, Алесь Зайцаў (далей – М1): – Чаго, Лукашэнка ж нібыта сочыць

Ала Няўмоева, (далей – 👩‍🦳АН): – Што, ****, Лукашэнка? Я пісала, што ты недаступны ні дома, ні пісьмова, ніяк да табе не грукацца, лісты прыходзяць на аблвыканкам і адказаў ніякія не даюць.

👨М1: – Ну, бачыце, людзі ж галасуюць за яго?

👩‍🦳АН: – Хто за яго галасуе? Ён сам сябе абірае, ****** ў рот.

👨М1: – Пенсія дрэнная ў вас?

👩‍🦳АН: – А што яна, добрая?

👨М1: – Ну, пенсіянерам кажуць, што даюць нармальна.

👩‍🦳АН: – Якая добрая? 600 рублёў у мяне пенсія. Я адпрацавала ўсё жыццё на заводзе, вось тут, на Кірава. Можна пражыць за яе?

👨М1 – Ну, напэўна.

👩‍🦳АН: – А яму ўсё мала. Колькі ён ва ўладзе сядзіць гадоў? 37? Куды ён збарае гэтыя грошы?

👨М1: – Вы ж не крычыце, а то міліцыя пасадзіць вас.

👩‍🦳АН: – У яго пад вусамі заячая губа, ён яе фарбуе, каб быць маладым.

👨М1: – Ну ясна.

👩‍🦳АН: – Мне распавядалі, заячая губа ў яго.

👨М1: – Вы ж толькі не кажыце нікому, а то вас міліцыя забярэ.

👩‍🦳АН: – Ніхто мяне не забярэ.

Невядомы, верагодна, напарнік Аляксандра Зайцава (далей – 👩‍🦲М2) – Забяруць.

👩‍🦳АН: – Не забяруць. Я са зброяй ня йду, **** ў рот. Я яму ў лісце пішу, а яно трапляе ў Адміністрацыю прэзідэнта, больш яно нікуды не трапляе.

👩‍🦲М2Бабуля, вы нічога не зробіце, людзі нічога не зробяць.

👩‍🦳АН: – Пайшоў ён *****. Хай сюды прыедзе і здыме кіраўніцтва, вунь дом ўвесь.

👩‍🦲М2: – Толку? Нічога не зробяць.

👩‍🦳АН: – Дом вунь увесь зялёны. 40 гадоў хаце, усе гнілое, ніхто нічога робіць.

👨М1: А толку? Людзі ж страйкавалі. Натоўпы, іх усіх пабілі, усіх білі. Вы глядзіце?

👩‍🦳АН: – Я пра гэта і кажу.

👨М1: Людзей шкада, праўда?

АН: – Ён калі сеў на трон? Ён прыбраў, быў у Шклове пракурор, па-мойму, Якіменка прозвішча, па-мойму. Адразу прыбраў. Ён такі злапамятны. Алданін тут быў, начальнік УУС, гэта выдатны чалавек – адразу, як ён прыйшоў, таксама прыбраў. А вось яго ніхто не можа,****, прыбраць. Пісталет бы сунула, каб прастрэлілі прям скрозь яйкі.

ЛАСКАВАЯ ЎЛАДА

Магчыма, Ала Няўмоева у сваім старэчым узросце і не стала б крымінальніцай. Але тут ёй дапамаглі тыя, хто педалюе тэму клопату пра людзей: намесніца кіраўніка Адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Магілёва Наталля Халецкая і экс-кіраўнік Кастрычніцкага раёна Магілёва Міхаіл Галушкоў.

У судзе высьветлілася, што Галушкоў скінуў TikTok ролік Халецкай, якая пайшла і падала заяву ў міліцыю на 81-гадовую жанчыну.

Галушкоў, хоць і быў прызначаны сведкам па справе, так і не з’явіўся на судовым працэсе. Затое на другое пасяджэнне, якое прайшло 11 жніўня, заявілася чыноўніца-сведка Халецкая. Вось, што яна заявіла на судзе:

– Не памятаю якога чысла, можа месяца два таму, мне на Viber прыйшло паведамленне ад былога кіраўніка [Міхаіла Голушкова – былога кіраўніка Кастрычніцкага раёна Магілёва], дзе быў ролік, змест якога, я думаю, усе ведаюць. Там, дзе грамадзянка Няўмоева вельмі дрэнна адклікалася на адрас прэзідэнта Беларусі, хтосьці яе здымаў, хтосьці выклаў у сацсетку. Калі паглядзела, пазнала Няўмоеву, якая звяртала да нас у адміністрацыю па тых ці іншых розных пытаннях.

Па словах Халецкай, ролік быў размешчаны ў TikTok, але яна на яго не падпісаная. Відэаролік ёй пераслалі ў Viber:

Я была абураная дадзенай сітуацыяй і дадзеным паводзінамі, таму я звярнулася ў праваахоўныя органы, – прызналася Халецкая. Менавіта пасля заявы чыноўніцы 81-гадовую жанчыну прыцягнулі да крымінальнай адказнасці.

ЛІБЕРАЛЬНЫ ЗАПЫТ

Памочнік пракурора г. Магілёва Вольга Багукоўская, мабыць, прасяклася пачуццямі да абвінавачванай. Па крымінальным артыкуле, за які іншыя сядзяць гады, Багукоўская запрасіла для Алы Няўмоевай 30 базавых велічыняў штрафу:

– Ёсць вялікая колькасць адказаў з боку дзяржаўнай улады, што пацвярджае словы Няўмоевай пра тое, што яна не атрымлівала належнага адказу з боку дзяржаўных органаў. Злачынства здзейсніла будучы ў эмацыйным стане. Таксама варта ўлічыць пенсійны ўзрост і чыстасардэчнае раскаянне, – заявіла ў сваім апошнім выступе дзяржабвінаваўца Багукоўская.

СРАКАЛІЗТВА З ЧАЛАВЕЧЫМ ТВАРАМ

Па рашэнні суддзі Жанны Пушкінай, Але Няўмоевай выдалі мінімальна магчымае пакаранне – тыя самыя 30 базавых велічыняй штрафу. Іншыя столькі па адміністрацыйных артыкулах атрымліваюць.

Застаецца толькі цешыцца.

З таго, што ўласныя чыноўнікі здаюць ўласных гараджан, камунальнікі не ведаюць, як іх відэа трапляе ў Інтэрнэт, а пенсіянеркі ў 81 год атрымліваюць крымінальную судзімасць, паколькі Аляксандр Лукашэнка быў прызнаны пацярпелым.