Карэспандэнта БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча не пусцілі на паседжанне, нягледзячы на выдадзены раней дазвол.

11 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі. На фота – паседжанне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве


Верхняя палата парламента трапіла ў непрыемную пікіроўку з магілёўскім журналістам. 27 верасня 2018 года Лапцэвіч звярнуўся да прэс-сакратара Савета Рэспублікі Вольгі Казловіч з заявай аб акрэдытацыі на Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Праз некаторы час яму прыйшоў адказ, што ён акрэдытаваны і можа атрымаць адпаведны бэйдж.

– Аднак калі я прыйшоў на паседжанне Міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, Казловіч мне заявіла, што ў акрэдытацыі мне адмоўлена, – распавёў Лапцэвіч.

Прычынай гэтага стала, нібыта, недахоп месцаў для ўсіх жадаючых журналістаў. Натуральна, што для карэспандэнтаў дзяржаўных СМІ месцы знайшліся.

Пасля серыі скаргаў у Савет Рэспублікі Лапцэвіч адказаў старшыня камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Сірэнка. Ён заявіў, што нікому з журналістаў у акрэдытацыі ніхто не адмаўляў. Тое, што Лапцэвіч не патрапіў на пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі, Сірэнка растлумачыў «тэхнічнымі прычынамі».

Карэспандэнт БелаПАН лічыць, што прадстаўнікі Савета Рэспублікі прама парушаюць Закон «Аб СМІ», у якім гаворыцца аб недапушчэнні неабгрунтаванай адмовы ў акрэдытацыі журналістаў. Акрамя гэтага, Лапцэвіч упэўнены, што Савет Рэспублікі парушыў яго канстытуцыйнае права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi.

Дамагацца праўды Лапцэвіч будзе ў судзе Ленінскага раёна г. Мінска. 10 снежня ён накіраваў туды скаргу, у якой папрасіў прызнаць дзеянні службовых асоб Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу супярэчнымі заканадаўству.

Я таксама хачу, каб Савет Рэспублікі прынёс мне і інфармацыйнай кампаніі БелаПАН выбачэнні, – заявіў журналіст.

V Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіў у Магілёве 10-12 кастрычніка.