Ігар Барысаў абураны, што дзяцей пераконваюць, быццам Крым – гэта Расея.

3 верасня. Магілёў. Алесь Святліцкі


На мінулым тыдні блогер і журналіст Яўген Глушкоў апублікаваў фота глобуса з магілёўскага ЦУМа, на якім паўвостраў Крым пазначаны як тэрыторыя Расійскай Федэрацыі.

Гэта абурыла старшыню сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада Ігара Барысава. У 2016 годзе ён ужо скардзіўся ў Магілёўскі аблвыканкам на падобныя тавары. Барысаў звяртаў увагу на тое, што Генеральная асамблея ААН рэзалюцыяй 68/262 падтрымала тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і прызнана незаконным далучэнне Аўтаномнай Рэспублікі Крым да Расійскай Федэрацыі.

Тады ўлады прызналі правасць Барысава, парэкамендаваўшы гарадскім суб’ектам гандлю “пазбягаць продажу палітычных карт свету і глобусаў, на якіх тэрытарыяльная прыналежнасць Крыму адрозніваецца ад агульнапрызнанай сусветнай супольнасцю”.

Цяпер Барысаў пайшоў вышэй і звярнуўся ўжо ў Міністэрства адукацыі:

– У гэтым годзе сітуацыя зноў вярнулася ў стан 2016 года і глобусы, на якіх тэрыторыя паўвострава Аўтаномнай Рэспублікі Крым аднесена да Расійскай Федэрацыі, зноўку маюцца ў продажы. Акрамя таго на палітычных глобусах прагледжваюцца тэрыторыі непрызнаных Рэспублікай Беларусь самаабвешчаных рэспублік Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, – заявіў старшыня БСДП (Грамада).

Па словах палітыка, гандляры спасылаюцца на тое, што іх прадукцыя з’яўляецца сувенірнай, аднак не адказваюць на пытанне аб тым, па якіх глобусах трэба вучыцца вучням сярэдніх школ і студэнтам ВНУ. Барысаў таксама звяртае ўвагу на тое, што глобусаў беларускай вытворчасці на рынку няма.

Ён запатрабаваў ад міністэрства адукацыі забараніць продаж палітычных карт і глобусаў, якія не адпавядаюць адукацыйнаму працэсу ў Беларусі, а таксама рэзалюцыі Генеральнай Асамблеі ААН па статусе Крыма.

Акрамя гэтага Барысаў прапанаваў наладзіць выпуск “уласных палітычных карт і глобусаў, на якіх пазначаць спрэчныя паміж дзяржавамі тэрыторыі, а не прыпісваць іх дзяржавам-агрэсарам”.