25 жніўня на стадыёне па вуліцы Чалюскінцаў двое юнакоў пратэставалі на вачах у журналістаў і людзей у цывільным.

25 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Аляксей Майсееў разам з таварышам у нядзелю правялі ўзгоднены пікет супраць закона «Аб змяненні законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы».

Цяпер адтэрміноўка ад прызыву на тэрміновую ваенную службу для атрымання адукацыі будзе давацца толькі адзін раз. Пасля заканчэння ССНУ або ВНУ хлопцы абавязаны будуць адслужыць у арміі – і толькі пасля гэтага змогуць атрымаць вышэйшую адукацыю, альбо паступіць у магістратуру.

Аляксею Майсееву 19 гадоў. Ён вучыцца ў Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы. Змены ў закон, паводле яго слоў, закранаюць яго непасрэдна і таму ён вырашыў правесці пікет:

– Мяне гэта можа закрануць у будучыні. Калі я захачу паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову, мне спачатку прыйдзецца адслужыць 1,5 гады ў арміі.

Пасля таго, як Майсееў падаў два тыдні таму апавяшчэнне ў гарвыканкам аб правядзенні пікета, на яго адразу ж пачаўся ціск з боку кіраўніцтва каледжа. Яго выклікалі да дырэктара і спрабавалі «даць рэкамендацыі, што пікет праводзіць не варта».

https://mspring.media/news/green-elephant/

Нягледзячы на ​​гэта, Аляксей не здаўся – ён заключыў усе патрэбныя дамовы з «хуткай дапамогай», камунальнікамі і міліцыяй, і 25 жніўня на працягу паўгадзіны стаяў у пікеце. Да яго таксама далучыўся ягоны таварыш.

Па словах Майсеева, мерапрыемства абышлося яму больш чым у сто рублёў. Пры гэтым ні супрацоўнікаў дарожна-маставога прадпрыемства, якія адказваюць за ўборку тэрыторыі пасля пікету, ні супрацоўнікаў МУС у форме, якія павінны былі ахоўваць мерапрыемства, не было.

Толькі адзін раз за паўгадзіны на тэрыторыі стадыёна, дзе праводзіўся пікет, з’явілася двое супрацоўнікаў АМАП, але яны хутка пакінулі тэрыторыю.

Затое хапала міліцыянтаў у цывільным – усяго за тым, што адбываецца, сачыла чатыры чалавекі, а над самім пікетам запусцілі дрон з відэакамерай.

Астатніх гледачоў ледзь набраўся дзясятак, ды і то гэта былі ў асноўным журналісты і праваабаронцы.

Мерапрыемства прайшло мірна і без інцыдэнтаў.