Гэтая гісторыя больш падобная на кур’ёз, але на самой справе ўсё сур’ёзна. Следчай Марыі Андрушынай з магілёўскага міжраённага аддзела СК настолькі фатальна не шанцуе, што яе імя можа стаць намінальным, а ўвесь сюжэт будзе падставай для напісання сцэнарыя да якога-небудзь паўфантастычнага фільму.


«Калі крымінальная справа трапляе да Андрушынай, мы робім стаўкі – збяжыць чалавек ці не», – так, не без кепікаў але ўжо і без асаблівай злосці кажуць магілёўцы, якія уцяклі з краіны з-за пагрозы крымінальнага пераследу за палітычную актыўнасць. Іх аб’ядноўвае толькі адно – усе яны пакінулі краіну праз пару дзён пасля таго, як іх справы былі перададзеныя гэтай следчай.

Парадокс у тым, што ад маёра юстыцыі Марыі Андрушынай ўжо збегла каля дзясятка чалавек, і ніхто не разумее, чаму так адбываецца.

Мария АндрюшинаВерагодна, віны самой Андрушынай ў гэтым няма. Проста ў чалавека манеры паводзін такія, што пасля допыту ў яе абвінавачаныя робяць адназначную выснову, што трэба бегчы.

«Яна камунікуе матам, а сярод ненарматыўнай лексікі толькі часам прабіваюцца проста прыстойныя словы, і, да ўсеагульнага здзіўлення, яна нават у праграме Word піша пастаянна з памылкамі», – дзеляцца ўражаннямі магілёўцы, якія пабылі ў яе на допыце па «палітычных справах».

А супрацоўнікі самага аддзела Следчага камітэта яшчэ і распаўсюджваюць чуткі, што ў яе ёсць высокапастаўлены сваяк. Злыя языкі яе калегаў кажуць, што яе дзявочае прозвішча Клімава, а яе маці мае пагоны падпалкоўніка. І, верагодна, за апошнюю акалічнасць яе, як нам распавялі нашыя крыніцы, не любяць аператыўныя работнікі.

Паказальнымі палітычнымі справамі Марыя Андрушына занялася не адразу. Спачатку ёй далі расследаваць кейс аб падпале аўтамабіля сілавіка ў раёне вуліцы Фаціна (па іншай версіі – Залуцкага), але справа зайшла ў тупік.

Тады ёй і перадалі міліцэйскія матэрыялы, якія пасля ператворацца ў «справу лялек» і «справу Гая Фокса» – спіс магілёўцаў, якія зрабілі пудзіла чыноўнікаў і вывесілі іх на трасе за горадам.

Следчая сумленна зрабіла ўсё, каб ніхто не змог збегчы. Яна ўсяляк спрабавала ўцерціся ў давер да жанчын, распавядала, што спачувае ім усім як маці і абяцала, што яны пойдуць як сведкі. Пры гэтым яна актыўна забірала іх пашпарты і нават ставіла забарону на выезд.

Але, што дзіўна, у людзей пасля яе допытаў з’яўлялася толькі адна ўстойлівая думка – пасля такіх абяцанняў трэба тэрмінова з’язджаць з краіны. Дайшло да таго, што некаторыя падазроныя змаглі бегчы ў краіны ЕС нават без пашпарта. Пра такі выпадак мы ўжо пісалі.

Часам следчай не шанцавала і з заключэннем яе «падапечных» пад варту. Справа ў тым, што жанчын павінен суправаджаць жаночы канвой. У лістападзе-снежні 2020 года мясцовы ізалятар часовага ўтрымання быў перапоўнены з-за прывезеных з Мінска арыштантаў. Акрамя таго, сваю ролю адыграў каранавірус. Здаровых жанчын-канваіраў проста фізічна не хапала, што тлумачыць пастаянныя «арэлі» на допытах: следчая то пагражала затрыманым арыштам і вялікім тэрмінам, то рэзка адмаўлялася ад сваіх намераў, паколькі разумела, што ў ІЧУ яе «кліентам» будуць не рады.

Сёння за межамі краіны існуе нават нефармальны клуб магілёўцаў – «кліентаў Андрушынай», якія, узгадваючы яе імя, кажуць пра яго у кантэксце прыкладу бескарыснай і непатрэбнай працы. Яе «фанаты» нават прапануюць запусціць гэтае імя, як гарадскі мем і зрабіць яго сімвалам найноўшай гісторыі.