Падрабязнасці пра затрыманага «каліноўца» Андрэя Сяргеева.
У сярэдзіне чэрвеня прапагандысты тэлеканала АНТ выпусцілі ролік, у якім паказалі затрыманых беларускіх байцоў, якія ваявалі на баку Украіны. Сярод іх быў Андрэй Сяргееў, пазыўны — «Кот», пра затрыманне якога раней не паведамлялася.
Вядома, што Сяргееў яшчэ ў савецкі час скончыў Казанскае танкавае вучылішча. У 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстах, пасля чаго быў вымушаны разам з сям’ёй пакінуць Беларусь. У Польшчы, як паведамілі прапагандысты, Сяргееў уступіў у Полк Каліноўскага. «Наша Ніва» пасля выхаду роліка даведалася ў саслужыўца Сяргеева, што ў яго былі вялізныя праблемы са здароўем.
MSPRING.MEDIA атрымалася высветліць некаторыя дэталі крымінальнага пераследу мужчыны.
Вядома, што Андрэй Сяргееў быў затрыманы ў жніўні 2025 года, калі ўжо выязджаў з Беларусі ў Польшчу. Паводле слоў крыніцы, у гэтай краіне мужчына працаваў кіроўцам-дальнабойшчыкам. Яго затрымалі на памежным пункце ў Брэсце. У дачыненні да яго была заведзеная крымінальная справа, самога Сяргеева адправілі ў следчы ізалятар у Калядзічах.
Прыкладна ў лютым 2026 года следства было завершанае і справу перадалі ў суд. Паводле слоў крыніцы, Сяргееву паставілі ў віну «ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы», а таксама нейкім чынам прывязалі яго да «справы Гаюна».
Як сцвярджае наш суразмоўца, Сяргееў баяўся, што яму дадуць настолькі вялікі тэрмін адбывання пакарання, што «жывым ён з калоніі не выйдзе».
Да колькіх менавіта гадоў пазбаўлення волі прысудзілі мужчыну, невядома.