Праваабаронца выйшаў з магілёўскай турмы №4 пасля трохгадовага зняволення
31 сакавіка. Магілёў. Магілёўская турма №4, Крупскай, 99А. Здымак – Аляксей Колчын
Многія збіраліся сустрэць Бандарэнку пасля дзевятай раніцы, але, па словах праваабаронцы Аляксея Колчына, яго выпусцілі раней. Карэспандэнт “Радыё Свабода” паспеў задаць ужо вольнаму чалавеку некалькі пытанняў, а mspring.online зафіксаваў гэта на камеру.
Вызвалення магло і не быць, паколькі ў турме супраць Андрэя Бандарэнкі была ўзбуджаная крымінальная справа за “злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў папраўчай установы”.
30 сакавіка, за дзень да заканчэння турэмнага тэрміну, пракурор Сяргей Мінаў запрасіў для праваабаронцы яшчэ адзін год і адзін дзень зняволення. Нечакана для ўсіх суддзя Сяргей Мазураў вырашыў, што ў дзеяннях Бандарэнка няма складу злачынства і прызнаў яго невінаватым.
Андрэй Бандарэнка – стваральнік і былы кіраўнік інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» і культурна-асветніцкай установы «Платформа Іннавэйшн». Абедзве займаліся абаронай правоў асуджаных.