Чарговы працэс па скарзе праваабаронцы скончыўся не на яго карысць.
19 снежня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі. Здымак – mogilev-region.gov.by
Судзьдзя суда Ленінскага раёну Галіна Тарасава 19 снежня прызнала правату адміністрацыі магілёўскай турмы №4, якая прызначыла Андрэю Бандарэнку чарговае дысцыплінарнае спагнанне.
30 верасня у адзіночную камеру да Бандарэнкі зайшоў адзін з супрацоўнікаў турмы, у якога былі пытанні да якасці канвертаў, якія вырабляе праваабаронца. Дыялог праходзіў спакойна, пакуль не ўвайшоў яшчэ адзін супрацоўнік і ня адчытаў зняволенага за адсутнасць рапарту.
Згодна з правіламі, дзяжурны па камеры павінен дакладваць перад супрацоўнікамі турмы пра колькасць зняволеных у камеры, іх прозвішчы, а таксама артыкулы, па якіх яны былі асуджаныя. Паколькі Бандарэнка знаходзіўся ў адзіночнай камеры, менавіта ён павінен быў прадставіць гэтую інфармацыю, чаго не зрабіў. Гэта паслужыла падставай для накладання 6 кастрычніка дысцыплінарнага спагнання ў выглядзе штрафу.
Праваабаронца разам з адвакатам Вадзімам Мушынскім абскардзілі рашэнне адміністрацыі турмы №4, аднак судзьдзя Галіна Тарасава ўстала на бок прадстаўнікоў сістэмы выканання пакаранняў. Зараз рыхтуецца касацыйная скарга ў суд.
Усяго на Андрэя Бандарэнку ўскладзена больш за дзесятак спагнанняў з боку розных месцаў пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Іннавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму. У дачыненні да яго распачата справа за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Калі яго прызнаюць вінаватым, яму пагражае да двух гадоў зьняволеньня. Цяперашні тэрмін Бандарэнка заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.