Факты і трэнды аднаго з найважнейшых этапаў выбарчай кампаніі.
15 жніўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Алесь Святліцкі
Камісіі таксама памыляюцца
Вылучэнец ад ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Барыс Аляшкоў ўсё ж дамогся таго, каб яго зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Выбарчая камісія па Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86 на пасяджэнні 11 жніўня адмовіла яму ў рэгістрацыі з-за таго, што Аляшкоў не прадставіў дакументы, якія пацвярджаюць месца яго працы і пасаду, якую ён займае.
Скардзячыся ў абласны выбаркам, ліберал-дэмакрат даказаў, што для рэгістрацыі было дастаткова даведкі аб заробку, у якой пазначана, кім і дзе працуе спадар Барыс.
Цяпер на 86-ым акрузе з’явіўся сёмы кандыдат. Займальна, паколькі камісія ўжо правяла лёсаванне выступленняў на ТБ. Будзе пералёсаванне ці проста выдадуць час? У любым выпадку, камісія на чале з Аляксандрам Кажамякіным відавочна не чакала, што на іх акрузе з’явіцца яшчэ адзін кандыдат.
Наша тэорыя змовы, якая, магчыма, правалілася
З рэгістрацыяй Аляшкова мы пазбавіліся прыгожай легенды. Да сённяшняга дня (15 жніўня), у Магілёўскай-Ленінскай, Магілёўскай-Цэнтральнай і Магілёўскай-Кастрычніцкай акругах было роўна па шэсць кандыдатаў.
У Магілёўскай-Прамысловай такіх набралася толькі чатыры.
Не бярэмся судзіць, спецыяльна гэта было зроблена ці не, скажам толькі, што на выступы кандыдатаў па ТБ даецца паўгадзіны (калі іх шэсць – роўна па пяць хвілін на кожнага), а ў бюлетэнь фармату ліста А4 добра залазяць толькі шэсць прозвішчаў. Скарга і наступная рэгістрацыя Барыса Алешкова, як кандыдата, псуюць агульную карціну – ён стаў сёмым у Магілёўскай-Кастрычніцкай акрузе №86. Але дзеля справядлівасці трэба сказаць, што гэта магло аказацца проста збоем у сістэме.
Недарэчныя памылкі партыйцаў
Пасля «рэабілітацыі» Аляшкова, у Магілёве засталіся незарэгістраванымі 9 вылучэнцаў. 1 – ад БСДП (Грамада), 2 – ад БНФ, 1 – ад ЛДПБ, 2 – ад “Справядлівага свету”. Яшчэ трое – беспартыйныя.
Калі адкінуць беспартыйных і прадстаўніка «Справядлівага свету» Яўгена Яцкоўскага (аб ім гаворка пойдзе ніжэй), застанецца пяць чалавек – больш за палову ад незарэгістраваных. Ніхто з гэтых людзей не падаў скаргаў у абласны выбаркам і не адваяваў статус кандыдата таму, што яны самі (альбо іх партыі) адкрыта напракудзілі. Памылкі ў дэкларацыях аб даходах, адсутнасць у пададзеных дакументах копіі партбілета або статута, блытаніна з уласнай нерухомасцю – выбары выявілі праблему недастатковай падрыхтоўкі да найпростых рэчаў. Персанальныя гэта фэйлы або мясцовыя кіраўніцтвы партый недастаткова праінструктавалі сваіх вылучэнцаў – пытанне адкрытае.
Апазіцыя дыхае роўна
Станоўчым для партый момантам з’яўляецца тое, што з 23 зарэгістраваных кандыдатаў – 11 належаць да іх. Найбольшае прадстаўніцтва ў АГП і БСДП (Грамада) – па 3 чалавека. У партыі БНФ і «Справядлівага свету» – па 2 кандыдаты. ЛДПБ прадстаўлена адным кандыдатам. Як бачым, пераважнай перавагі няма ні ў каго.
Патрэбныя кандыдаты пацвердзілі свой статус
Ігар Марзалюк (АВК №84), Аляксандр Старавойтаў (АВК №85), Вольга Петрашова (АВК №86) і Пётр Салаўёў (АВК №87) спакойна зарэгістраваныя кандыдатамі. Калі вы не ведаеце ці не памятаеце хто гэта, запрашаем да нашай інфаграфікі, у якой мы прадказалі лёгкую перамогу на выбарах кожнаму з іх.
У асноўных кандыдатаў ёсць дублікаты
Цікавей тое, што ў кожнага з пералічаных у мінулым пункце спадароў ёсць “годны канкурэнт” у выглядзе дзяржслужачага, гатовага дэ-юрэ змагацца за месца ў парламенце, а дэ-факта – падмяніць асноўнага кандыдата, калі раптам штосьці здарыцца.
У члена Савета Рэспублікі Ігара Марзалюка – дырэктар СШ №27 Людміла Здорикова.
У галоўнага ўрача цэнтральнай паліклінікі №1 Аляксандра Старавойтава – старшыня прафкама БРУ Юрый Машын.
У намесніка старшыні абласнога аб’яднання прафсаюзаў Вольгі Петрашовой – галоўны абласны інспектар працы Мілана Адамчанка.
У першага намесніка гендырэктара ААТ «Хімвалакно» Пятра Салаўёва – дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аляксандр Іваненка.
Хутчэй за ўсё, улады ўлічылі досьвед Гомельскай-Навабеліцкай акругі, калі падчас папярэдніх парламенцкіх выбараў асноўны праўладны кандыдат раптоўна зняў сваю кандыдатуру і з’явілася магчымасць траплення ў парламент чалавека не з «сістэмы».
Каб пазбегнуць гэтага, вынікі выбараў па акрузе не прызналі з-за нізкай яўкі. На перавыбарах ў 2014 годзе перамогу атрымала урач-тэрапеўт з гомельскай паліклінікі Алена Астапюк.Інцыдэнт атрымаўся непрыемны, і таму лагічна, што ўлада вырашыла перастрахавацца і паклапаціцца аб магчымых дублёрах.
Under pressure
Спакойны ход выбараў не адмяняе таго факту, што пры магчымасці непажаданыя кандыдаты чамусьці здымаюцца з гонкі. Аляксей Кірыенка з АГП правёў вялікую колькасць пікетаў па зборы подпісаў, аднак самі подпісы чамусьці вырашыў не здаваць. Яўген Яцкоўскі ледзь не першы адправіў сваю ініцыятыўную групу за сігнатурамі выбаршчыкаў і атрымаў вылучэнне ад «Справядлівага свету». За дзень да рэгістрацыі кандыдатам ён сам прынёс заяву ў выбаркам, у якім папрасіў не рэгістраваць яго. Па тэлефоне ён тлумачыць прычыны адмовіўся.
Абодва няўдалых кандыдата – працоўныя людзі. У Яцкоўскага да таго ж, як нам стала вядома ад крыніц з яго партыі, восенню сканчаецца кантракт. Мы ні на што не намякаем, але ў нас ствараецца ўражанне, што калі на ўдзельнікаў выбараў можна праз што-небудзь націснуць – то ціснуць.