Амністыя прымяняецца нават да «злоснікаў», а некаторым асуджаным ў зніжэнні тэрміну адмоўлена з-за дрэнных характарыстык. Чаму?


28 лістапада. Магілёў. Саша Мінько


Амністыя ў сувязі з 75-годдзем вызвалення Беларусі, абвешчаная ў чэрвені гэтага года, нарэшце дакацілася да сядзельцаў магілёўскай папраўчай калоніі №15. У лістападзе, пасля напісання хадайніцтваў у суд першай інстанцыі, дзясяткам асуджаных тэрмін пакарання быў зменшаны на два ці паўтара гады.

Аднак, так пашанцавала не ўсім. Усё залежыць ад мноства фактараў – кваліфікацыі справы, характарыстык ад адміністрацыі калоніі і галоўнае – як лічаць сваякі асуджаных – ад настрою суддзі.

Некаторым вязням тэрмін быў зніжаны ўсяго на адзін год, але ёсць і тыя, каму ў амністыі адмоўлена зусім.

Адмовы, як правіла, заснаваныя на тым, што першы прысуд выносіўся ўжо з улікам усіх станоўчых характарыстык, змякчальных абставінаў і цяжкасці злачынства. Таму пры паўторным разглядзе справы суд у зніжэнні тэрміну не бачыць неабходнасці. Такім чынам, амністыя стала падобная на латарэю.

Пры гэтым, назіраецца досыць дзіўная карціна. Як мінімум, двум «злоснікам» – так называюць асуджаных, якiя маюць спагнаннi, – знізілі тэрмін зняволення на два гады.

Аднак, як вядома, амністыя на «злосных парушальнікаў» не распаўсюджваецца. Як такое можа быць? Па просьбе блізкіх аднаго з асуджаных MSPRING.ONLINE папрасіў пракаментаваць гэты момант юрыста праваабарончага цэнтру “Вясна” Паўла Сапелку:

“Так, па «злосніках» такое можа быць, але трэба разумець, што размова тут ідзе не пра амністыю. Гэта перагляд прысуду ў сувязі са зменай санкцыі артыкула 328 (незаконны абарот наркотыкаў, – рэд.) у парадку артыкула 402 КПК, якая называецца “Суды, якiя вырашаюць пытанні, звязаныя з прывядзеннем прысуду, вызначэння, пастановы ў выкананне”.

Што ж тычыцца тых, каму не пашанцавала, і суд адмовіў у зніжэнні тэрміну, то гэта таксама бывае. Сэнс у тым, што няма аўтаматычнага адмінусавання двух гадоў.

Гэта можна параўнаць з прызначэннем пакарання зноўку: калі ў асуджанага ўжо быў мінімум, і гэты мінімум быў абгрунтаваны, напрыклад, змякчальнымі абставінамі, то суд не бачыць прычын зніжаць тэрмін. У такім выпадку можна параіць асуджанаму проста абскардзіць у парадку нагляду пастанову суддзі”.