Магілёўскі ваенкамат абяцаў упрыгожыць плот «графіці». У выніку проста прымацавалі ПВХ-тканіну.
Як бачна на фота, пад гарадскім насценным роспісам людзі ў фуражках мелі на ўвазе звычайныя поўнакаляровыя банеры з малюнкамі, замацаваныя на самарэзы. Эксперымент не атрымаўся.
Нагадаем, у красавіку ваенныя камісары горада і вобласці вырашылі ўпрыгожыць сцены платоў вакол сваіх устаноў патрыятычнымі графіці, а грошы на іх было вырашана ўзяць з унёскаў БРСМ.

Ваенныя абяцалі моладзі, што пяць вялізных вулічных выяў з’явяцца на сценах, і запусцілі конкурс эскізаў пад назвай «Подзвігу народа жыць у вяках». Але ў рэальнасці ўсё скончылася як звычайна: замест балончыкаў з фарбай і графіцістаў, як насамрэч было задумана першапачаткова, функцыянеры БРСМ замовілі друк на звычайнай банэрнай ПВХ-тканіне.
Замест 9 траўня гэтыя выявы з’явіліся толькі 26 чэрвеня і былі афіцыйна прымеркаваныя да гадавіны вызвалення Магілёва. Аўтары малюнкаў былі ўзнагароджаныя вельмі сціплымі падарункамі ад БРСМ.