Стопрацэнтны вынік актывістаў і мясцовых праваабаронцаў.
3 мая. Магілёў-Жэнева. Алесь Святліцкі
Магілёўцы Дзяніс і Павел Крайцевы, а таксама Алена Кісель атрымалі пацверджанне, што іх скаргі на дзеянні беларускіх уладаў зарэгістраваны ў КПЧ ААН.
Увесну 2017 году кожны з іх быў аштрафаваны на 15 базавых велічыняў за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях пратэсту. У дачыненні да братоў Крайцевых міліцыя пачала адміністрацыйны працэс за ўдзел у Дні Волі-2017 у Менску. Кісель суд пакараў за «Марш недармаедаў» у Магілёве 15 сакавіка. Акрамя гэтага, дзяўчыну адлічылі з МДУ ім. Куляшова, што праваабаронцы расцанілі як пераслед за палітычную пазіцыю.
З улікам гэтых трох скаргаў у КПЧ ААН знаходзяцца ўжо шэсць зваротаў – усе яны былі накіраваныя туды ў снежні 2017 года. Раней былі зарэгістраваныя дакументы Алены Крэнь, Канстанціна Чарнова і Аляксандра Каранкевіча. Усе скаргі – наступствы «гарачай вясны-2017», калі сотні беларускіх грамадзян былі арыштаваныя ці аштрафаваныя ўладамі за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі.
Па словах праваабаронцы Барыса Бухеля, які дапамагаў складаць звароты, рэгістрацыя ўсіх скаргаў – гэта вельмі добры вынік.
– З міжнароднай практыкі мы ведаем, што вялікая частка скаргаў адсейваецца таму, што яны прызнаюцца Камітэтам непрымальнымі. Шэсць нашых скаргаў з шасці прайшлі – значыць з вялікай доляй верагоднасці можна казаць пра тое, што КПЧ ААН вынесе шэсць рашэнняў на карысць беларускіх грамадзян, а не дзяржавы. Па гэтай катэгорыі спраў пазіцыя ААН адназначная – самавольных абмежаванняў для свабоды мірных сходаў быць не павінна.