Усё з-за футбола.

29 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі/ Фота – vk.com/monstration_nsk


Магілёўскі гарвыканкам апавясціў заяўнікаў пікету Аляксея Колчына, Барыса Бухеля і Аляксандра Буракова аб тым, што яны не змогуць з дапамогай плакатаў і транспарантаў «выказаць змешаных пачуццяў з нагоды свабоды сходаў у Беларусі» 1 траўня.

– Мы падавалі паведамленне на дазволенае месца для масавых мерапрыемстваў – стадыён па вуліцы Чалюскінцаў. Былі гатовыя аплаціць усе паслугі – міліцыю, «хуткую», камунальнікаў, але ўлады ласкава нам паведамілі, што ў гэты час там як раз праходзіць футбольны турнір, – распавёў Аляксандр Буракоў.

Раней на гэтую ж дату паведамленне на правядзенне пікету падавалі палітыкі Алег Аксёнаў і Уладзімір Шанцаў. Ім таксама паведамілі, што з-за футбольнага турніру масавага мерапрыемства не атрымаецца.

– Свой пікет яны хацелі правесці ў 12 гадзін дня, мы сваю «Манстрацыю» – у 15 гадзін. Па дзіўным супадзенні футбол на стадыёне як раз пройдзе з 12 да 15:30, – паведаміў праваабаронца.

Колчын, Бухель і Буракоў адразу пасля атрымання адказу з гарвыканкаму падрыхтавалі і накіравалі новае паведамленне на абсурдны пікет – ужо на сярэдзіну траўня.

– Мы вельмі хочам правесці «Манстрацыю». Аднак мы не здзівімся, калі кожны раз, калі мы будзем падаваць паведамленне аб пікеце, на стадыёне будзе праходзіць нейкае мерапрыемства, арганізаванае ўладамі. Ну, затое такая колькасць футбольных турніраў напэўна падорыць Магілёву новых Бялькевічаў, Глебаў і Рамашчанак, – заўважыў Буракоў.