Лідэр абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў лічыць, што Беларусь ператвараюць у адсталую правінцыю Кітая. 

9 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Рэгіянальны лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў абвясціў пра збор подпісаў супраць будаўніцтва завода феерверкаў пад Магілёвам.

Раней мясцовыя ўлады анансавалі з’яўленне піратэхнічнай вытворчасці ў Магілёўскім раёне. Інвестары з горада Чанша правінцыі Хунань гатовы стварыць замкнёны цыкл вырабу феерверкаў – ад пораху і кнотаў да корпуса прадукцыі. Гэтыя ж бізнесмены арганізавалі нібыта бясплатны салют да 750-годдзя Магілёва ў ліпені гэтага года.

Па разліках магілёўскіх уладаў, стварэнне піратэхнічнага завода дасць рэгіёну каля двух тысяч працоўных месцаў. Уладзімір Шанцеў лічыць гэта жульніцтвам.

– У нашым рэгіёне і краіне можна было развіваць высокатэхналагічную вытворчасць, развіваць інфраструктуру. Замест гэтага нас ператвараюць у адсталую правінцыю Кітая. Вядома, бо прасцей паставіць адзін завод, куды павінны пайсці замучаныя беспрацоўем людзі, чым комплексна вырашаць праблемы эканомікі, – лічыць палітык.

Шанцаў называе вытворчасць небяспечнай і непатрэбнай. На ягоную думку, доказам гэтага з’яўляецца той факт, што завод стане першым у Еўропе.

– У еўрапейскі краінах ўмеюць ацэньваць рызыкі і выгаду, таму там такога завода няма. А ў нас будзе. Па сутнасці, гэта як мець парахавую бочку пад бокам, – сцвярджае абласны лідэр АГП.

Палітык бачыць у з’яўленні завода таксама прыкметы карупцыі:

– Спачатку нам сказалі, што на дзень горада нам падораць бясплатны прыгожы феерверк. Ён адгрымеў і вось праз некалькі месяцаў аказваецца, што гэтыя ж людзі, якія падарылі феерверк, будуць будаваць небяспечную вытворчасць пад Магілёвам. Гэта не зусім прыстойна,- ацаніў Уладзімір Шанцаў.

У бліжэйшыя дні ён з маладымі калегамі актывізуюць збор подпісаў. Гэта толькі адна з грамадскіх кампаній, якімі занятыя сябры АГП, сцвярджае палітык:

– Таксама мы будзем судзіцца з гарадскімі ўладамі з-за Святога возера, вырашаць пытанне са спартыўнай залай ў СШ №11 і паспрабуем дамагчыся з’яўлення веласіпеднай дарожкі на пешаходнай вуліцы Ленінскай, – сказаў на заканчэнне Шанцаў.