Усяго на сустрэчу прыйшло 8 чалавек.

29 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


29 кастрычніка каля памятных Крыжоў на праспекце Дзімітрава (у раёне мясакамбіната) магілёўцы ўсклалі кветкі і запалілі лампады ў памяць ахвяраў палітычнага тэрору.

На сустрэчы было 8 чалавек. Праваабаронца Аляксандр Буракоў, які быў адным з ініцыятараў мерапрыемства, сказаў, што чакалася нават менш людзей:

– Учора даведаліся, што ў гэты дзень у нашым горадзе нічога не будзе. Гэта ганьба для абласнога цэнтра. Кінулі кліч у сацсетках і паклікалі на сёння, на дзве гадзіны дня, сабрацца каля Крыжоў, ускласці кветкі,- распавёў Буракоў.

Сярод тых, хто прыйшоў, было пару чалавек 20-25 гадоў. Ім распавялі пра гісторыю “Магілёўскіх Курапатаў”, а таксама пра тое, як праходзілі рэпрэсіі ў нашым горадзе.

Дзяўчына, якая папрасіла не пазначаць яе імя, распавяла, што на сустрэчу прыйшла больш з-за зацікаўленасці, што тут будзе адбывацца:

– Не думала, што будзе так мала людзей. Я прыйшла ўпершыню на такое мерапрыемства. Непрыемна ўсведамляць, што  Магілёве жывуць, напэўна,  нашчадкі тых дзясяткаў людзей, каго забілі тут. Але ніхто сюды не прыйшоў, нават у памятны дзень.

У сваю чаргу Аляксандр Буракоў зазначыў, што трэба памятаць пра рэпрэсаваных, таму што ў іх утрымліваецца агульнае народнае сумленне.

– Калі большасць людзей ў памятны дзень забывае, як іх продкаў беспадстаўна расстрэльвалі і закопвалі па ямах, то гора такім людзям проста, – сказаў на заканчэнне праваабаронца.