Магілёўцы павінны былі сустрэцца з Уладзімірам Даманеўскім з нагоды высокіх коштаў за жыццё ў інтэрнатах, але замест гэтага ім давялося размаўляць з яго намеснікам.

6 чэрвеня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – Яўген Глушкоў, facebook.com/yhlushkou


Група магілёўцаў, сярод якіх быў палітык Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Алег Аксёнаў, 6 чэрвеня з’явіліся на асабісты прыём да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага.

Раней яны сабралі больш за тысячу подпісаў супраць новай інструкцыі аблвыканкама “Аб парадку вызначэння платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду ў інтэрнатах”. Пасля таго, як яна пачала дзейнічаць 3 сакавіка, кошты за інтэрнаты павялічылася ў тры разы.

Аб выніках сустрэчы Алег Аксёнаў распавёў у відэа ў сваім Facebook:

Вы ведаеце, што раней мы падалі ў аблвыканкам больш чым тысячу подпісаў. Сёння была запланаваная сустрэча са старшынёй аблвыканкама. Аднак ён вырашыў, што зварот 1060 грамадзян, якія пражываюць у інтэрнатах, – гэта невялікая колькасць і паехаў у адпачынак.

Сустрэчу замест Даманеўскага праводзіў намеснік старшыні аблвыканкама Алег Чыкіда, а таксама шэраг чыноўнікаў. Па словах Аксёнава, ён і яго паплечнікі вялі размову пра тое, ці правамерным было рашэнне аблвыканкама, у той час як прадстаўнікі ўлады імкнуліся перавесці размову ў эканамічнае рэчышча.

Мы настойвалі на сваім. У выніку высветлілася, што рашэнне аблвыканкама было прынята спантанна. На многія пытанні ўвогуле проста не звярталі ўвагі. Патаму падчас нашай размовы Чыкіда раздаў кучу распараджэнняў сваім падначаленым, каб яны там штосьці праверылі, штосьці змянілі. Але на канчатковае пытанне, ці будзе адменена гэтае рашэнне ці нават прыпынена да таго моманту, пакуль гэта ўсё будзе удакладняцца-разбірацца, ён адказаў: “не”, – распавёў Аксёнаў.

7 чэрвеня ён і яго таварышы маюць намер правесці прэс-канферэнцыю і расказаць больш падрабязна аб выніках паходу ў аблвыканкам.

Нагадаем, што вясной гэтага года магілёўцы, якія пражываюць у інтэрнатах, сталі атрымліваць квітанцыі з вялікімі сумамі. У сярэднім “чэк” за жыццё павялічыўся на 70 рублёў.

Улады патлумачылі павышэнне коштаў адсутнасцю сродкаў у бюджэце на ўтрыманне інтэрнатаў.