Міліцыя заявіла, што затрымала Рамана Мішчанка з-за моцнага алкагольнага ап’янення. Праз шэсць гадзін пасля медычнага абследвання у актывіста паказала 0 праміле алкаголю ў крыві.
1 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Раман Мішчанка быў адным з заяўнікаў акцыі 1 траўня “За сацыяльную справядлівасць». Пасля забароны гарвыканкама на яе правядзенне, ён усё роўна меў намер выступіць з пратэстам на плошчы Леніна падчас афіцыйнай першатравеньскай цырымоніі. Каля 8-ай раніцы 1 траўня ён паведаміў праваабаронцам, што пад домам яго сябра Аляксандра Царука, дзе ён начаваў, вартуе патруль АМАП. Мішчанка выйшаў, каб сфатаграфаваць іх. З гэтага моманту сувязь з ім абарвалася.
Як высветлілася пазней, яго спачатку адвезлі ў РАУС Кастрычніцкага раёна, дзе склалі пратакол за з’яўленне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе, пасля чаго адправілі ў спецыяльны ізалятар. Маці актывіста Валянціна Мішчанка прыехала да ізалятара, каб убачыць сына і пераканацца ў тым, што ён нецвярозы. Разам з ёй прысутнічалі некалькі журналістаў і праваабаронцаў.
Дзяжурны па спецізалятару на працягу 10 хвілін ігнараваў званкі ў дзверы і па тэлефоне, пасля чаго выйшаў і заявіў, што да поўнага працвярэжвання Мішчанка будзе ўтрымлівацца ў іх, а «пакуль ён спіць». На пытанне, ці можна пакінуць запіс у кнізе скаргаў, супрацоўнік ізалятара адказаў, што «можна», але саму кнігу так і не вынес.
Пасля гэтага Валянціна Мішчанка паскардзілася ў УУС Магілёўскага аблвыканкама на тое, што ёй не далі ўбачыць сына.
– Калі Рома мне тэлефанаваў, яго голас не быў п’яным, ён быў адэкватным. Супрацоўнік УУС патэлефанаваў пры мне у спецізалятар і там сказалі, што мой сын быў цалкам пры свядомасці, хадзіў, размаўляў. Тады навошта яго браць? Калі я папрасіла яго да тэлефону, мне сказалі, што ён спіць. Пры гэтым у яго выявілі нібыта 1.27 праміле алкаголю, – пракаментавала сітуацыю Валянціна Мішчанка.
Каля 4 гадзін дня Мішчанка адпусцілі з ізалятара. Паўторны агляд паказаў, што ў яго ў крыві не выяўлена слядоў алкаголю. Пра гэта распавяла маці, якой паведамілі аб выхадзе сына. Актывіст паведаміў ёй, што напярэдадні ужыў трохі піва, але не больш за тое.
Праваабаронца Барыс Бухель сцвярджае, што нават калі малады чалавек і быў трохі п’яны, забіраць у міліцыю яго не мелі права:
– Ідзе падмена паняццяў. Бо ў нас няма “сухога закона”, у нас па горадзе часта ходзяць людзі «пад градусам» і ніхто іх не кранае. Чаму ж тады ўзяліся за Мішчанка? Стань каля любой рэстарацыі і вылаўлівай. Хутка 9 траўня, колькі ў горадзе будзе п’яных? Ну, і, калі ён сапраўды п’яны, то нічога не перашкаджала супрацоўніку ізалятара паказаць яго, мы б пераканаліся, папрасілі прабачэння за турботы, – сказаў праваабаронца. – Выклікае пытанні і тое, дзе затрымалі Мішчанку, – прама ля пад’езда дома Царука, адкуль ён выйшаў. Гэта пазначана ў пратаколе. Гэта значыць, што чалавек толькі выйшаў з пад’езда і яго адразу ўзялі за тое, што ён з’явіўся ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе. У 8 раніцы.
Пратэстная акцыя павінна была адбыцца ў 10 раніцы ля помніка Леніну. Аднак у пазначаны час туды падышлі толькі некалькі чалавек з ліку апазіцыі, а таксама журналісты і праваабаронцы. Сама акцыя не адбылася.