Машына з нумарнымі знакамі непрызнанай Луганскай народнай рэспублікі заахвоціла Магілёўскую абласную арганізацыю АГП выступіць з сумеснай заявай.

7 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Рада Магілёўскай абласной арганізацыі АГП прыняла заяву да кіраўніцтва абласной міліцыі, у якім папрасіла “УУС Магілёўскага аблвыканкама растлумачыць сітуацыю з перамяшчэннем па горадзе транспартных сродкаў з нумарнымі знакамі не прызнанай у нашай краіне і ў свеце рэспублікі».

Як адзначаюць партыйцы ў сваёй заяве, у ліпені 2017 года ў Магілёве была заўважаная аўтамашына ВАЗ-2101 з нумарнымі знакамі Луганскай народнай рэспублікі. Першым фота аўто размясціў у сваім Facebook кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў.

«Выклікае здзіўленне, як у нашу краіну пранікаюць і вольна перасоўваюцца аўтамабілі з незаконнымі нумарнымі знакамі, з тэрыторыі, якая кантралюецца, калі зыходзіць з міжнародных стандартаў і беларускіх законаў, бандфармаваннямі, дзе круціцца велізарная колькасць зброі. Вартавыя парадку ў нас, як правіла, вельмі аператыўна рэагуюць на мірныя акцыі пратэсту, часта ужываюць жорсткія і неадэкватныя меры да удзельнікаў. У той жа час пазначаны вышэй аўтамабіль працяглы час бесперашкодна раз’язджае па горадзе пры поўнай бяздзейнасці міліцыі, якая баіцца праявіць ініцыятыву па абароне бяспекі нашых грамадзян і навядзенні грамадскага парадку», – заявіў абласны Савет.

Магілёўскія сябры АГП папрасілі даць ацэнку бяздзейнасці праваахоўных органаў, а таксама растлумачыць грамадзянам Магілёва, якія меры будуць прымацца для недапушчэння на тэрыторыю Беларусі транспартных сродкаў, якія «ставяць бяспеку грамадзян пад пагрозу».