Магілёўская арганізацыя АГП накіравала зварот кіраўніцтву горада, у якім нагадала пра 6,5 тысячах подпісаў, сабраных у падтрымку ачысткі вадаёма.

23 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Святое возера каля трох гадоў было закрыта для купання з-за забруджвання. План па яго ачыстцы быў складзены яшчэ ў 2010 годзе і каштаваў на той момант 30 мільярдаў недамінаваных рублёў. Аднак з тых часоў у гарадскім бюджэце не знайшлося сродкаў, каб прывесці вадаём у парадак.

У 2015 годзе некалькі грамадскіх арганізацый агульнымі намаганнямі сабралі 6,5 тысячы подпісаў грамадзян з патрабаваннем пачаць ачыстку, але ўлады зноў спаслаліся на недахоп фінансаў.

У чэрвені 2017 года Магілёўская абласная арганізацыя АГП вырашыла актуалізаваць пытанне. На думку партыйцаў, грошы на канцэрт Газманава, Лешчанкі і Вараб’ёва (выдаткі на іх выступ роўныя 84 тысячам даляраў) можна было б выкарыстоўваць як раз для агульнага дабра:

– Яшчэ раз нагадаем ўладам, што ў Магілёве паміж прыездам і ад’ездам дзядзькі з Мінска жывуць магілёўцы і іх патрабаванні павінны выконвацца. Што ёсць Канстытуцыя, і ўсім без выключэння трэба жыць па правілах, там прапісаных, – заявіў на сваёй сцяне ў Facebook старшыня арганізацыі Уладзімір Шанцаў. Подпісы адрасуюцца непасрэдна старшыні гарвыканкама Уладзіміру Цумараву.

«Два гады таму вам былі перададзеныя шэсць з паловай тысяч подпісаў магілёўцаў з патрабаваннем ачысціць Святое возера. За два гады можна і трэба было знайсці масу магчымасцяў зрабіць гэта», – пазначана ў заяве партыйцаў.