Фармальна прычынай адмовы ў правядзенні масавага мерапрыемства стала адно слова ў заяве арганізатараў.

13 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі. Фота – oobsg.by


Магілёўскі гарвыканкам у асобе намесніка старшыні Алы Галушкі адмовіў магілёўскім палітыкам Уладзіміру Шанцаву і Алегу Аксёнаву ў правядзенні пікета 14 траўня.

Старшыня абласной арганізацыі АГП Шанцаў і абласны каардынатар хрысціянскіх дэмакратаў Аксёнаў збіраліся правесці мірны сход на стадыёне па вул. Чалюскінцаў з патрабаваннем адстаўкі Алы Галушка з яе паста.

На думку палітыкаў, яна рэгулярна па надуманых прычынах забараняе правядзенне ў горадзе масавых мерапрыемстваў грамадзян, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў.

У красавіку Ала Галушка не дала Шанцаву і Аксёнаву згоды на правядзенне пікета за перанос завода «Омск Карбон Магілёў» на радзіму прэзідэнта. Тады ж яна адмовіла магілёўскім праваабаронцам у правядзенні «Манстрацыі».

Свае адмовы яна матывавала тым, што ў дзень, калі палітыкі і праваабаронцы хацелі правесьці пікеты, у адзіным дазволеным для масавых мерапрыемстваў месцы павінен быў прайсці футбольны турнір.

У гэты раз, як паведаміў адзін з арганізатараў пікету Уладзімір Шанцаў, Галушка адмовіла ў пікеце за сваю адстаўку з фармальных прычынаў:

– Ала Галушка спаслалася на тое, што ў загалоўку напісана слова «Заява», а не «Апавяшчэнне». Хоць у мінулы раз мы атрымалі адмову ў правядзенні масавага мерапрыемства з-за футбола, а ў цяперашняй заяве была зменена толькі дата і мэта. У самім тэксце напісана, што мы не просім дазволу, а праводзім пікет, з тэксту вынікае, што мы паведамляем пра пікет, – распавёў Шанцаў.

Паводле яго слоў, ён разам з Алегам Аксёнавым ўжо перарабілі апавяшчэнне на масавае мерапрыемства і зноў накіравалі яго ў Магілёўскім гарвыканкам. Мэта пікету тая ж – адстаўка намесніка старшыні Алы Галушка.