Маці патэнцыйнага смяротніка на мяжы жыцця і смерці, а таксама суддзя перад лёсавызначальным выбарам – усё гэта абыгралі на «Коле».

11 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


10 кастрычніка ў грамадскім цэнтры «Кола» пры падтрымцы сайта пра правы чалавека mspring.online прайшоў форум-тэатр да Дня супраць смяротнага пакарання.

Па гісторыі, «у горадзе М. адбылося страшнае забойства. Сям’я з бацькі, маці і чатырохгадовай дачкі была па-зверску забітая – іх літаральна раскрамсалі на часткі. Падазрэнне ўпала на работніка адной з будаўнічых фірмаў, хлопца 30-ці гадоў, якога неўзабаве пасля забойства бачылі ўначы выходзячым з пад’езду, дзе адбылася трагедыя.

Следства выявіла, што ў хлопца не было алібі на гэты час. Акрамя таго, у тую ноч ён знаходзіўся ў моцным алкагольным ап’яненні. Суседзі бачылі, як у яго здарыўся канфлікт з забітым мужам і бацькай на бытавой глебе. Вядома, што ён таксама некалькі разоў бываў у кватэры ў забітых і таму ў памяшканнях былі яго адбіткі пальцаў.

Аднак ніякіх прамых доказаў не было – у прыватнасці, экспертыза і следчыя не знайшлі прыладу забойства, ды і суседзі не маглі сказаць напэўна, ці быў менавіта ў тую ноч хлопец у доме сям’і ці сышоў адразу пасля канфлікту.

Гісторыя набыла вялікі рэзананс. Навіна пра забойства і ўсе наступныя следчыя дзеянні шырока асвятляліся ў СМІ. Выказаўся нават прэзыдэнт – на яго думку, вінаватага «трэба расстрэльваць». Хлопца змясцілі ў СІЗА. Па горадзе пайшла хваля нянавісці да яго. Суд прыняў да ведама ускосныя доказы. Пракурор запытаў для хлопца смяротнае пакаранне. Суддзя павінен вынесці рашэнне праз тыдзень».

Дзвюм групам прапанавалі разыграць сцэну з маці падсуднага, якая сутыкаецца з рэзкім асуджэннем грамадства і нападкамі з боку бацькі забітай дзяўчыны і дзіцяці, а таксама сцэну з суддзёй, якога прымушаюць да прыняцця “патрэбнага” для ўладаў рашэння.

Пасля паказаў адбылася дыскусія, падчас якой большасць удзельнікаў прыйшла да высновы, што смяротнае пакаранне ў Беларусі трэба адмяняць. Аднак, у бліжэйшым часе, хутчэй за ўсё, гэтага не здарыцца.

Смяротнае пакаранне – гэта добры лот для гандлю з Еўропай ва ўмовах эканамічнага крызісу ў Расіі, – заявіў адзін з удзельнікаў гутаркі.

Пра тое, як праходзіў форум-тэатр, глядзіце ніжэй.